Каментарый да літургіі
«Вось дакранулася гэта да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконне тваё ад цябе, і адкуплены грэх твой».
Сведчанне сваёй веры ў Бога, апостальства людзей — абавязак кожнага хрысціяніна. Канешне, гэта не абавязкова павінна быць прапаведванне у непасрэдным сэнсе гэтага слова. Прапаведванне сапраўдным хрысціянскім жыццём можа казаць больш красамоўна, чым сто прапаведнікаў адначасова. Заставацца заўсёды, у любым выпадку, верным Богу і Яго загадам — тая малая частка любові Божай, якую мы можам прынесці ў свет.
Каментарый да літургіі слова
«Плыві на глыбіню…»
Гэтымі словамі Езус звяртаецца сёння да кожнага з нас. Жыццё набывае свой сэнс, калі мы верым словам Сына Божага, таго, хто нас збавіў. Мы не можам верыць, не паказваючы сваімі справамі, адносінамі з людзьмі любоў Божую, якая ў нас расце штодня. Немагчыма здабыць веды аб любові Божай з падручнікаў, з часопісаў, іх можна здабыць толькі ў жыцці, праз цярпеніі і вымаганні, праз учынкі міласэрнасці.
Малітва вернікаў
Праслаўляем Усемагутнага Бога, што ўчыніў нас годнымі сёння праслаўляць Яго, і пакорна молім:
- Узмацняй свой святы Касцёл і падтрымлівай тых, хто ім кіруе ў сапраўднай любові.
- Падтрымай усіх, хто знаходзіцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах, няхай знайдуць у Табе крыніцу суцяшэння.
- Адары сужонкаў разуменнем каштоўнасці шлюбу, каб у іх сем’ях заўсёды панаваў спакой і ўзаемаразуменне.
- Прымі нашых памерлых у сваё Нябеснае Валадарства, каб маглі сузіраць Цябе тварам у твар.
- Дай нам, удзельнікам гэтай нядзельнай Эўхарыстыі, дасягнуць разумення Тваёй волі.
Схіляемся перад Тваёй веліччу, Божа, і просім, абарані нас ад усялякага зла, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Рэгіна Гасанна Атрашкевіч OPs