Пошук

24.01.2013 00:00  

Каментарый да літургіі

Сёння на святой Імшы пачуем пачатак Евангелля паводле Лукі. Аўтар гаворыць нам, што вырашыў апісаць жыццё Хрыста з той мэтай, каб мы яшчэ лепш пазналі атрыманую навуку.

Прыходзім да Езуса так, як гэта рабілі шмат стагоддзяў таму. Вялікія натоўпы людзей збіраліся, каб слухаць Яго словы, бо слова Езуса мае вялікую моц — моц уздзеяння на чалавечае сэрца. Вучань Езуса павінен быць на баку Бога і павінен слухаць Яго, а ўсё іншае трэба пакінуць Слову.

Прыходзім слухаць Бога, прымаць Яго ў святой Камуніі, таму просім, каб напоўніў скрухай нашыя каменныя сэрцы і сам фармаваў нас, каб сталі мы сапраўднымі вучнямі, якія ідуць за сваім Настаўнікам. Няхай Яго шлях становіцца нашым шляхам, які мы свядома выбралі, нягледзячы на нашыя грахі і слабасці.


Каментарый да літургіі слова

У сваім Евангеллі св. Лука стварыў найпрыгажэйшы вобраз Езуса. Езус прадстаўлены як сябра мытнікаў і грэшнікаў, прарок, які прынёс да нас слова Бога, як бедны чалавек, які нават не мае месца, «дзе б мог галаву прытуліць», вечны вандроўнік, які аздараўляе не толькі з хваробаў цела, але і з унутранага зла, святыня Духа Святога, і гэтым жа Духам адорыць апосталаў. Езус у сённяшнім Евангеллі — аўтар, які піша ліст. Вельмі асабісты ліст. Ліст да мяне і да цябе. Словы Езуса маюць вялікую моц — моц Духа, а жыццё ў моцы Духа — гэта плён малітвы і посту.

Езус быў у пустыні сярод звяроў. Ён прабываў у пастаяннай гармоніі з усім светам. Калі я прайду праз пустыню з Езусам, то змагу жыць у суладдзі з усім тым, што мяне разбурае, непакоіць і пужае.

Ці знаходжу я ў сваім штодзённым жыцці такія хвіліны «пустыні» — час асабістай размовы з Богам? Ці прашу з верай аб дарах Духа Святога, каб мог дзейнічаць ува мне? Езус мае патрэбу ў кожным чалавеку, які з верай прымае Яго. Якая ёсць наша вера? Якім ёсць Езус у маім жыцці? Які мой Езус? Якое месца адводжу Яму ў сваім сэрцы? Як стаўлюся да Яго словаў, скіраваных да мяне?     Штодзённа Езус прамаўляе да мяне з любоўю, надзеяй, прабачэннем. Менавіта такое Яго слова. А паколькі мы слабыя, то вельмі патрабуем сустрэчы з Езусам, сустрэчы з Яго словам!

Давайце ўгледзімся ў Езуса, які навучаў у сінагогах. Ён прыходзіць прамаўляць да цябе і да мяне. Адкрыем жа нашыя вушы і нашыя сэрцы. Няхай Божае слова становіцца жывым у нас. Давайце не будзем баяцца словаў Езуса, бо ў гэтых словах Божая моц. Езус хоча дакрануцца да нашага сэрца і ўваходзіць у яго самыя патаемныя куточкі. Езус хоча аздараўляць нас, хоча зрабіць нас шчаслівымі, хоча, каб нашае сэрца было пры Ім. А для гэтага трэба аддаць Яму нашую боязь. Будзем прасіць Духа Святога, каб узмацняў нас, вызваляў з няволі граху і нашых слабасцяў.


Малітва вернікаў

Да Бога Айца, які для нашага збаўлення паслаў у свет Езуса Хрыста, з даверам і надзеяй узнясём нашыя просьбы.

  1. Молімся за ўвесь Касцёл, каб пазнаў любоў, якой Бог палюбіў яго і якую аб’явіў у сваім Сыне Езусе Хрысце. Цябе просім…
  2. Молімся за хрысціянаў, каб перамагалі свае слабасці і станавіліся больш адданымі вучнямі Хрыста. Цябе просім…
  3. Молімся аб еднасці паміж хрысціянамі, каб хутка настала адна аўчарня і адзін Пастыр. Цябе просім…
  4. Молімся аб шчырым навяртанні для нашых сэрцаў, каб мы не ставілі перашкоды на шляху да еднасці паміж хрысціянамі. Цябе просім…
  5. Молімся за нас саміх, каб кожны дзень мы праслаўлялі Бога за дар жыцця і рабілі дабро нашым бліжнім. Цябе просім…

Просім Цябе, Пане, выслухай нашыя просьбы. Няхай святло Тваёй праўды заззяе, як бэтлеемская зорка, а Тваё Валадарства расквітнее сярод нас, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
 

    Падрыхтавала с. Мірыям Маршалэк ZSJM

    Абноўлена 25.09.2017 11:23
    Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

    Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

    . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
    Папа Францішак

    Бог заўсёды чакае нас.
    Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.