Каментарый да літургіі
«Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю, і плячо Ягонае, што мае ўладу».
Сёння Касцёл адзначае свята Хросту Пана. Надзвычай радасная падзея здзейснілася ў свеце — у асобе Сына Бог дае чалавецтву збаўленне і надзею. Хрыстус прымае сваю місію і становіцца на шлях прапаведвання пасля таго, як прымае ад Яна хрост. Праз гэта Ён паказвае людзям сваю прыналежнасць да Бога, якую Бог-Айцец адкрывае праз Духа Святога. Праз хрост Езус таксама дае людзям прыклад ачышчэння і далучэння да збаўчага шляху.
Каментарый да літургіі слова
«Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
З гэтымі словамі Бог звяртаецца да Езуса. Але на самой справе, калі Хрыстус — сапраўдны Сын Божы, ці ж не ведае Ён сам, кім з’яўляецца? Бог прамаўляў не для самога Сябе, а для людзей, каб яны бачылі знак, каб маглі зразумець шлях збаўлення і паверыць. Святы Дух — гэта не голуб, не паветра і не агонь, бо ўсё гэта толькі бачныя сімвалы нябачнага, якія Бог дае людзям для навяртання.
Малітва вернікаў
Дзякуем Усемагутнаму Богу, што паслаў нам свайго Сына як Збаўцу і ўзносім да Яго свае пакорныя малітвы:
- Молімся за святы Касцёл, каб мацярынскай апекай агортваў усіх сваіх дзяцей. Цябе просім…
- Молімся за Святога Айца, каб нястомна абвяшчаў аб’яўленую праўду.
- Молімся за ўсіх новаахрышчаных, каб на шляху збаўлення заўсёды шукалі ўзмацнення ў Хрыста.
- Молімся за сем’і, каб не занядбоўвалі рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.
- Молімся за дарослых, якія рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту хросту. Няхай Дух Святы асвячае іх розум і дапамагае жыць пазнанымі праўдамі веры.
- Молімся за памерлых, каб маглі сузіраць аблічча Бога.
- Молімся за ўсіх нас, сабраных каля алтара Пана. Божа, падтрымлівай і ахоўвай тых, хто праз хрост прыпадобніўся да Цябе.
Пане Божа, Тваёй волі даручаем нашыя просьбы, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч Ops