Каментарый да літургіі
Сёння перажываем урачыстасць Аб’яўлення Пана, вядомае таксама як свята Трох Каралёў. У літургіі ўспамінаем той дзень, калі мудрацы з Усходу пакланіліся нованароджанаму Езусу і прынеслі Яму дары: золата, кадзіла і міра. Аднак гэта таксама дзень, у які Хрыстус явіў усяму свету сваю сілу і хвалу, якая заззяла, як Бэтлеемская зорка. Асвячоныя хвалой Хрыста, падыдзем да алтара і, як мудрацы з Усходу, паклонімся і складзем перад Ім свае дары.
Каментарый да літургіі слова
Хрыстус аб’яўляе сваю хвалу перш за ўсё ў слове, якое скіроўвае да нас. Таму, слухаючы літургію слова, будзем старацца пачуць, што Пан прамаўляе непасрэдна да нас. А сёння Ён кажа нам пра хвалу, якая заззяла над усім Ізраэлем.
У другім чытанні пачуем пра атрыманую ласку, дзякуючы якой мы ўсе сталі ўдзельнікамі збаўлення. У Евангеллі паводле св. Мацвея гаворыцца пра пакланенне Божаму Дзіцяці трох мудрацоў, а таксама пра подступы Ірада.
Малітва вернікаў
Да нашага Збаўцы, якому сёння пакланяюцца мудрацы, з вялікай радасцю і пакорай узнясём нашыя просьбы:
- Езу Хрыстэ, якому аддалі паклон мудрацы з Усходу, просім за паўсюдны Касцёл, каб узрастаў у святасці і моцнай веры. Цябе просім…
- Езу Хрыстэ, якому аддалі паклон мудрацы з Усходу, просім за кіруючых краінамі, каб па прыкладу мудрацоў упакорыліся перад Табою.
- Езу Хрыстэ, якому аддалі паклон мудрацы з Усходу, просім за беспрацоўных, каб знайшлі працу, якая дапаможа ўтрымаць іх сем'і.
- Езу Хрыстэ, якому аддалі паклон мудрацы з Усходу, просім аб збаўленні нашых памерлых братоў.
- Езу Хрыстэ, якому аддалі паклон мудрацы з Усходу, молімся за нас саміх, адары нас духам пакланення і служэння.
Езу Хрыстэ, мудрацы з Усходу пакланіліся Табе. Мы разам з імі складаем нашыя просьбы і нашыя сэрцы, бо верым, што выслухаеш нашыя малітвы, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала с. Людміла Леўдаровіч MChR