Каментарый да літургіі
Сёння Касцёл адзначае свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа. Але гэта не толькі напамін непасрэдна пра гэтую Сям’ю, але і заклік да святасці ў сваім асяроддзі, а асабліва сярод родных нам людзей. Для кагосьці мы з’яўляемся маці ці бацькам, для кагосьці дачкой ці сынам — кожная роля мае пэўную адказнасць, якая ўскладзена на нас самім Богам. Сёння варта паразважаць у сваім сэрцы: ці сапраўды я імкнуся добра выконваць свае абавязкі — дачкі або сына, бацькі ці маці?
Каментарый да літургіі слова
«Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх».
У сённяшнім евангельскім урыўку мы бачым Езуса з іншага боку. Зусім мала ў Новым Запавеце апісана момантаў з дзяцінства Пана. Мы прызвычаіліся да Езуса, які прапаведуе, лечыць, дапамагае… Аднак у гэтым урыўку мы бачым Збаўцу, які вучыцца, слухае, пра штосьці пытаецца.
Умець вучыцца і слухаць — гэта надзвычай важныя рэчы ў жыцці, а асабліва ў сямейным. Вучыцца ў таго, хто ведае болей за цябе, слухаць, каб і цябе выслухалі. У Евангеллі мы бачым прыклад Пана, хоць Ён зусім не мусіў гэтага рабіць, як і не мусіў прыходзіць, каб нас збавіць, але ўчыніў гэта з любові.
Давайце ж і мы будзем накіроўваць свае ўчынкі па сцежках любові. Прыклад гэтага даў нам сам Пан Бог.
Малітва вернікаў
Праз апеку Марыі і Юзафа ўзнясём да Бога нашыя малітвы:
- молімся за сем’і, у якіх пануе роспач і непаразуменне, каб нованароджаны Езус прынёс ім супакой і любоў
- молімся за цяжарных жанчын, каб заўсёды мелі падтрымку ад сваіх блізкіх
- молімся за самотных людзей, каб адчувалі сябе сапраўднай часткай вялікай касцёльнай сям’і
- молімся за памерлых, каб добры Бог прыняў іх у сваё Валадарства.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs