Каментарый да літургіі
«Ажыві нас, і мы будзем заклікаць імя Тваё».
Сёння мы распачынаем чацвёрты, апошні тыдзень Адвэнту, часу радаснага чакання і падрыхтоўкі да Нараджэння Езуса Хрыста. На адвэнтавым вянку запалены ўжо чатыры свечкі, таму можна сказаць, што Пан зусім блізка. Чакаем Нараджэння Езуса Хрыста асаблівым чынам у нашых сэрцах. Увесь перыяд Адвэнту мы працавалі над сабой: слухалі рэкалекцыі, спавядаліся, хтосьці практыкаваў пост. Але перш за ўсё мы перажываем час радаснага чакання, бо Езус Хрыстус — гэта Сын Божы і адначасова нашае Збаўленне.
Каментарый да літургіі слова
«Вось іду, каб выканаць волю Тваю».
Яшчэ некалькі тыдняў таму мы адзначалі свята Хрыста Валадара Сусвету, а вось цяпер будзем бачыць таго ж Караля, які ляжыць у ясельках, яшчэ больш бездапаможны, чым калі будзе ўжо дарослым стаяць перад Пілатам. Дзіцятка заўсёды спачатку залежыць ад бацькоў, так і Езус залежаў ад Юзафа і Марыі… Прыйшоўшы ў гэты свет, Езус Хрыстус прынёс нам надзею на вяртанне да Айца. Але ўсяго гэтага не было б, напэўна, калі б сам Бог-Айцец не хацеў нас уратаваць ад смерці. Заўважым, што Езус ідзе менавіта «выканаць волю Айца», даючы нам прыклад паслухмянасці. Так і мы, калі жадаем сапраўды наследаваць Хрыста, павінны адказваць па жыцці: «Вось іду, каб выканаць волю Тваю».
Малітва вернікаў
У радасным чаканні ад усяго сэрца ўзнясём малітвы да нашага Пана:
- Молімся за ўсіх хрысціянаў, якія не маюць магчымасці адкрыта святкаваць Нараджэнне Пана, каб заўсёды адчувалі Яго падтрымку і прысутнасць.
- Молімся за цяжарных жанчын, каб шчыра даверылі сябе і сваіх дзяцей Езусу.
- Молімся за рэкалекцыяністаў, каб іх казанні заўсёды прыносілі плён у людскіх сэрцах.
- Молімся за ўсіх нас, каб перажывалі свята Нараджэння Езуса Хрыста з усведамленнем хрысціянскай годнасці.
Езу Хрыстэ, Ты прыйшоў у свет, каб збавіць кожнага чалавека, нарадзіся ў нашых сэрцах не праз нашыя заслугі, але дзякуючы Тваёй любові.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs