Каментарый да літургіі
Сёння перажываем III Нядзелю Адвэнту, так званую нядзелю радасці. Ужо хутка мы будзем радавацца Нараджэнню Езуса. Гэтая радасць павінна быць відавочнай у нашым жыцці не толькі ў калядную ноч, але і кожны дзень. Хрыстус хоча, каб мы дзяліліся радасцю з іншымі. Аднак, каб гэта адбылося, у сэрцах павінна быць нейкая перамена. Мы павінны адкінуць зло і запрасіць Езуса ў сваё сэрца. Будзем маліцца, каб Хрыстус падчас гэтай святой Імшы перамяніў нашыя сэрцы, напоўніў іх сваёй радасцю і любоўю.
Каментарый да літургіі слова
Прарок Сафонія заклікае абраны народ радавацца, бо ворагі, якія напалі на суседнія народы, пакінулі Палестыну. Так, дзякуючы Богу, Ізраіль пазбег нападзення ворагаў. Бог не толькі абараніў свой народ, але застаўся з імі, клапаціўся пра яго да такой ступені, што паслаў свайго Сына, каб выратаваць свет.
Апостал Павел заклікае нас з радасцю адкрыць свае сэрцы для Езуса, каб Ён жыў і дзейнічаў у іх. Тады і іншыя людзі заўважаць прысутнасць Пана Бога ў нашым жыцці, бо ўсе нашыя ўчынкі будуць добрыя. Нам самім не прыйдзецца занадта шмат турбавацца, бо сам Бог паклапоціцца аб нас.
Малітва вернікаў
Да Бога, які запрашае нас да эўхарыстычнага стала, занясём нашыя просьбы:
- Молімся за святароў, каб прапаведавалі і сведчылі аб вялікай любові Бога да чалавека. Цябе просім...
- Молімся за сем’і, каб памяталі не толькі пра святочны стол, але аб падрыхтоўцы свайго сэрца на прыйсце Пана. Цябе просім...
- Молімся аб ласцы навяртання для людзей, якія даўно не прыступалі да сакрамэнту пакаяння. Цябе просім...
- Молімся за памерлых, каб атрымалі радасць жыцця вечнага. Цябе просім...
- Молімся за нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб мы ўмелі дзяліцца радасцю і любоўю з іншымі. Цябе просім...
Просім, Цябе Божа, выслухай нашыя просьбы, якія ў пакоры табе прадстаўляем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Людміла Леўдаровіч