Пошук

06.12.2012 00:00  

Каментарый да літургіі

Меркаванне аб тым, што рэлігія з’яўляецца асабістай справай, — небяспечнае і фальшывае. Такой пазіцыі трымаюцца тыя, хто хоча знішчыць яе. Калі ж такое паўтараюць хрысціяне, можна сказаць, што яны не ведаюць, што чыняць.

 

Вера пашырае сэрца чалавека і адкрывае яго для бліжніх. Вера вучыць нас, што ў іншым чалавеку трэба заўважыць Хрыста, які кажа: «Я быў галодны, а вы далі Мне есці… Хворы, а вы Мяне адведалі, смутны, а вы суцешылі Мяне. Усё, што вы зрабілі найменшаму сярод вас, гэта Мне зрабілі».

Няхай міласэрны Бог знішчыць нашыя грахі і адкрые сэрца на бліжніх, асабліва на тых, з якімі мы сустракаемся штодзённа.

Каментарый да літургіі слова

Праз сённяшняе Евангелле прамаўляе да нас папярэднік Езуса — Ян Хрысціцель. Ён абыходзіў усю краіну, удзяляў хрост і заклікаў да навяртання. Найважнейшая навука Яна заключаецца ў словах «падрыхтуйце дарогу Пану!».

Дарога, пра якую ідзе гаворка, — гэта дарога нашага жыцця. Яе трэба падрыхтаваць у сэрцы, а для гэтага патрэбна навяртанне. Чалавек зрабіў складаным свае дарогі жыцця праз грэх і згубіўся ў жыцці. Рабіць простымі сцежкі для Пана азначае перамяніць сваё жыццё, інакш кажучы, навярнуцца. Рабіць простымі сцежкі — гэта значыць разарваць з грахом. Стаць у праўдзе нам дапамагае слова Божае, дапамагае паглядзець на нашае жыццё, на нашыя паводзіны. Менавіта сёння Езус хоча, каб мы скіравалі позірк на нашыя сцежкі жыцця, скрыўленыя хлуснёю і зарослыя грахом.

Ці маю ў сэрцы шчырае прагненне навяртання, перамены свайго жыцця? Ці шукаю ў сваёй штодзённасці хвіліны на малітву — шчырую размову з Богам аб маім жыцці, аб усім тым, з чаго яно складаецца? Ці шукаю цішыні і засяроджанасці? Сам Бог хоча прыходзіць да нас з дапамогай. Ён сам хоча ачышчаць і выпростваць нашыя сцежкі, бо ведае, што самі мы нічога не можам. Гэта Ён сам прыходзіць і шукае магчымасці, каб перамяніць нашыя сэрцы, прыцягнуць іх да Сябе. Бог прагне нашага навяртання, і Ён жа з’яўляецца асновай гэтага навяртання. Нам трэба толькі даверыцца Яму, адкрыцца на ласку, прыняць усё тое, што ў сваёй міласэрнасці Бог дае кожны дзень: прыняць Яго любоў, якая мае моц перамяніць і стварыць нанава нашае сэрца, заблытанае ў грэх.

Малітва вернікаў

Богу, які ёсць не толькі нашым Панам, але і Айцом, прадставім просьбы, якія знаходзяцца ў нашых сэрцах:

  1. Молімся за святы Касцёл, каб быў для ўсяго свету выразным знакам Добрай Навіны аб збаўленні. Цябе просім….
  2. Молімся за Святога Айца і нашага біскупа, каб узмацнялі нас у веры і даверы Богу.
  3. Молімся за нашую парафію і ўсіх яе жыхароў, каб  з чыстым сэрцам чакалі надыходзячых святаў Божага Нараджэння.
  4. Молімся за людзей пажылых, самотных і хворых, каб гэтыя святы прынеслі ім бадзёрасць і сілу для жыцця.
  5. Молімся за нашых памерлых, каб Збаўца дазволіў ім аглядаць сваё аблічча.
  6. Молімся за нас саміх, каб мы сталі годным домам Езуса Хрыста.

Усемагутны Вечны Божа, выслухай просьбы, якія Твой народ узносіць да Цябе, і споўні іх згодна з Тваёю воляй. Просім Цябе аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Мірыям Маршалэк ZSJM

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа