«Пілат спытаўся ў Езуса: Ты кароль Юдэйскі?».
Сёння, ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, будзем маліцца аб святасці жыцця для кожнага з нас, каб бралі прыклад з нашага Пана, які ў самыя цяжкія хвіліны заставаўся годным нябеснай хвалы: не адмаўляўся ад сваіх словаў, з пакорай стаяў перад Пілатам... Менавіта пакора і цішыня сэрца ўказвалі на тое, што Ён сапраўдны Кароль над каралямі і Валадар Сусвету.
Каментарый да літургіі слова
«Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой».
Місія, якую выконваў Езус Хрыстус на зямлі, заключалася не толькі ў збаўленні свету. Заўважым, што Ён сам пра гэта кажа: «Прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе». Аб Праўдзе, якая ёсць, якая была і якая будзе. І гэтай Праўдай з’яўляецца Ён сам. А колькі праўды мы маем у сабе? Пачынаючы ад дробных справаў на працы і завяршаючы адносінамі з Богам. Ці заўсёды я магу сказаць, што шчыры да канца? Сёння будзем прасіць, каб Езус дапамог адчыніцца на Праўду ў нашым жыцці, каб яна была тым, што прывядзе нас да Айца.
Малітва вернікаў
Дзякуем усемагутнаму Пану, што маем магчымасць праслаўляць Яго сёння і пакорна просім:
- Благаславі, Божа, усіх, хто аддае жыццё служэнню Табе і людзям. Няхай ніколі не адчуюць сябе самотнымі і нешчаслівымі.
- Молімся за клерыкаў у семінарыях Пінска і Гродна, якія рыхтуюцца да святарскага пасвячэння, каб паглыбляліся ў сваім пакліканні і былі добрым прыкладам для вернікаў.
- Молімся за тых, хто сёння занядбоўвае ўдзел у Эўхарыстыі, каб адчулі сапраўднае жаданне паглыбляць духоўнае жыццё.
- Молімся за памерлых, душы якіх церпяць у чыстцы, каб атрымалі супакой і збаўленне.
- Молімся за ўсіх нас, сабраных на гэтай нядзельнай урачыстасці, каб кожнае слова Бога, прамоўленае да нас, заўсёды было аўтарытэтам і праўдай у нашых сэрцах.