Пошук

09.11.2012 00:00  
Каментарый да літургіі

Збіраемся сёння каля алтара Пана, каб аддаць Яму пашану, падзякаваць за атрыманыя ласкі, асабліва за тое, што, дзякуючы ахвяры Езуса, кожны з нас атрымаў вольнасць, стаў умілаваным дзіцём Божым.

Аддаём Табе, Божа, нашае жыццё, усё, што маем. Бо ўсё гэта належыць Табе, і няма нічога, чаго б мы не атрымалі ад Цябе.

Праз сваё слова запрашаеш нас сёння цалкам даверыцца Табе, бо Ты наш найлепшы Айцец. Ты ведаеш нашыя сэрцы, мары, цяжкасці, з якімі змагаемся. Ведаеш, што перашкаджае нам даверыцца Табе, да чаго мы прывязаныя і ў кім пакладаем надзею, што альбо каго нам так цяжка аддаць Табе.

Таму стаім перад Табою, Божа, са скрушаным сэрцам і перапрашаем Цябе…

Пане, які клапоцішся пра нас, тваіх дзяцей, змілуйся над намі!

Хрыстэ, які вучыш нас дапамагаць бліжнім і давяраць Табе, змілуйся над намі!

Пане, які ведаеш нашыя сэрцы і няма нічога схаванага перад Табою, змілуйся над намі!

Каментарый да літургіі слова

Езус кажа нам сёння: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд» (Мк 12, 38–40). Асцерагайцеся! Асцерагайцеся, каб мы не сталі падобнымі да кніжнікаў, якія разлічваюць толькі на сябе, на сваю мудрасць і праведнасць, спадзяюцца на багацце і пашану з боку іншых. Робяць усё напаказ, каб паказацца перад людзьмі з добрага боку. Але забываюць пра Бога, які інакш глядзіць, чым чалавек. Для якога галоўнае не тое, як мы выглядаем звонку і колькі гадзін молімся. Сам Езус з’яўляецца для нас прыкладам. Бо Ён, будучы Богам, не шукаў хвалы, каб Яму служылі. Не займаў першыя месцы, але выбіраў тое, што ўбогае: нарадзіўся ў стайні, быў паслухмяны сваім бацькам, прыняў смерць на крыжы з любові да мяне. Падумаю, да каго больш я падобны: да кніжнікаў ці да Езуса? Да каго б хацеў быць падобным? У асабістай малітве папрашу Езуса, каб я быў падобны да Яго…

У першым чытанні бачым удаву, да якой прыйшоў прарок Ілля. Прыйшоў у час голаду і засухі. Але жанчына падзялілася з прарокам апошнім, што мела, паслухмяная яго словам: «Не бойся, але ідзі і зрабі, як сказала. Толькі спачатку зрабі невялікі праснак для мяне і прынясі мне. Сабе ж і сыну зробіш потым. Бо так кажа Пан, Бог Ізраэля: „Кадушка мукі не скончыцца, і збан алею не апусцее аж да дня, калі Пан спашле дождж на зямлю“» (1 Вал 17, 13-14). Якая ж вялікая вера гэтай удавы! Яна зрабіла ўсё, што сказаў ёй прарок. Хоць, па-людску гледзячы, зрабіла нелагічна: спачатку накарміла Іллю, а для сына і сябе нічога не пакінула. Але яна даверылася Богу і словам прарока, і сталася так: «Яна пайшла і зрабіла, як сказаў Ілля. І штодня елі ён, яна і дом яе. І так было кожны дзень. Кадушка мукі не скончылася, і збан алею не апусцеў паводле абяцання, якое Пан даў Іллю» (1 Вал 17, 15–16).

У іншым месцы Евангелля таксама сустракаем удаву і таксама бедную, якая, будучы ў святыні, «укінула дзве лепты, што складае чвэрць аса». Былі там і багатыя людзі, які кідалі шмат грошаў. Але Езус заўважыў менавіта яе. Не пахваліў багатых, але ўдаву. Езус тлумачыць вучням, чаму яна дала больш: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой» (Мк 12, 38–44). Сапраўды, яна аддала ўсё, што мела. Даверыла Богу сваё жыццё. Гэтым прыкладам Езус вучыць нас, каб мы давяралі Богу, бо Ён — наш найлепшы Айцец. Ён клапоціцца пра нас, калі дазваляем Яму. Толькі той, хто спазнаў любоў і дабрыню Бога, можа з радасцю і супакоем аддаць сваё жыццё ў Яго рукі.

Для Бога не з’яўляецца важным, колькі і што ахвяруем Яму, але ці шчыра і з даверам аддаём Яму тое, што маем, кім з’яўляемся…


Малітва вернікаў

Да Бога, які ведае нашыя сэрцы, узнясём пакорныя малітвы:

        1. Молімся за Святы Касцёл, каб быў у свеце знакам Божай любові.
          Цябе просім…
        2. Молімся за Святога Айца Бэнэдыкта ХVІ, каб Дух Святы напаўняў сваімі дарамі і ўмацоўваў Яго.
        3. Молімся за бедных, самотных, хворых, каб знайшліся людзі, якія ім дапамогуць і суцешаць.
        4. Молімся за памерлых, каб маглі як мага хутчэй аглядаць Бога тварам у твар.
        5. Молімся за нас, тут прысутных, каб мы заўсёды былі паслухмянымі Богу і гатовымі служыць Яму і бліжнім.

        Божа, распалі ў нашых сэрцах любоў да Цябе, каб мы з радасцю і супакоем даверылі Табе нашае жыццё, усё, што маем, і кім з’яўляемся. Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.

        Падрыхтавала с. Наталля Емяльянава  ZSJM

        Абноўлена 25.09.2017 11:23
        Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

        Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Папа Францішак

        Дух хоча жыць у нас –
        мы пакліканы да вечнага жыцця