Сёння незвычайны дзень. Бо ён непаўторны сярод тых, якія дае нам Пан. Заўтра будзе іншы, за ім таксама выключны, і так далей. Усе яны, па-першае, розныя, а па-другое — падарунак Пана. Трэба вучыцца дзякаваць нашаму Стварыцелю за гэтыя дары — за кожны дзень нашага жыцця і ўсё, што маем. І якой бы цяжкай не здавалася жыццёвая сітуацыя, заўсёды прасіць падтрымкі ў Бога, бо «хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю». А сеяўшы ўвесь час зерне малітвы, будзем збіраць вялікі духоўны ўраджай.
Каментарый да літургіі слова
«Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною».
Трываласць у малітве — вялікая рэч, пра якую кажа сённяшняе Евангелле. Заўважым, што мы вельмі падобныя да таго сляпога жабрака, які сядзеў пры дарозе і клікаў Езуса. Мы ведаем, што Ён блізка нас, але не бачым Яго, можам толькі чуць у Святым Пісанні, можам адчуць прысутнасць, калі заплюшчым вочы. Часам здаецца, што мы адны, і нікога няма побач, толькі цемра ўсё больш і больш паглынае, а падсвядомасць кажа: «замоўкні». Але ў такі момант варта ўсвядоміць, што толькі ўпартасць у шуканні Хрыста, наша трыванне на малітве можа стаць выратаваннем: каб мы маглі бачыць Езуса і ісці за Ім па дарозе зямнога жыцця ў вечнасць.
Малітва вернікаў
Дзякуем нашаму Пану за дар жыцця і ўзносім да Яго нашыя пакорныя малітвы:
- Молімся за ўсіх хрысціянаў, якія церпяць за Хрыста, каб заўсёды знаходзілі падтрымку ў малітве і Эўхарыстыі.
- Молімся за ўсіх, хто яшчэ толькі распачынае катэхетычны год, каб гэты час быў выкарыстаны для атрымання і паглыблення ведаў.
- Молімся аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.
- Молімся за перажыванне па-хрысціянску ўрачыстасці Усіх Святых і Успаміну ўсіх памерлых вернікаў.
- Молімся за ўсіх памерлых родных і блізкіх нашаму сэрцу, каб яны ў супакоі спачывалі ў Хрысце.
Пане наш і Збаўца, Ты на крыжы знішчыў смерць і асвяціў нам жыццё праз Святое Евангелле, выслухай нашыя малітвы і ўчыні, каб мы заўсёды шукалі ў сваім жыцці Тваю волі. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч