Сёння ўвесь Касцёл адзначае Сусветны дзень місій. Пастараемся памятаць у нашых малітвах пра місіянераў і місіянерак, якія абвяшчаюць Евангелле ў далёкіх краінах. Для некаторых з іх гэта вельмі небяспечна. Акрамя таго, кожныя тры хвіліны ў свеце памірае адзін хрысціянін. Мы прыйшлі на нядзельную Імшу са спакоем — нічога нам не пагражае за ўдзел у літургіі. Тым не менш, у многіх кутках свету хрысціяне падвяргаюцца пераследу. Сустракаючыся вакол алтара Хрыста, будзем помніць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за веру.
Каментарый да літургіі слова
Стары Запавет поўны прадвесцяў аб тым, што адбудзецца, калі Езус прыйдзе ў гэты свет. Сёння мы пачуем прароцтва, аб прынясенні жыцця ў ахвяру за нас, аб збаўленні.
У другім чытанні аўтар закліча давяраць Езусу, які ведае нас вельмі добра і знаходзіцца побач з намі ў нашых праблемах, спачувае нам, дапамагае.
Езус абяцае вучням, што будзе пакутаваць і аддасць сваё жыццё. Аднак яны не разумеюць гэтага. Спрачаюцца, хто з іх найважнейшы, хочуць заняць найлепшыя месцы. А Езус кажа ім, што яны павінны служыць і ахвяроўвацца для дабра іншых.
Малітва вернікаў
Добраму Богу прадставім нашыя просьбы:
- Молімся аб благаслаўленні і дарах Божай ласкі для папы Бэнэдыкта XVI, нашага біскупа .... і ўсіх святароў.
- Молімся аб дарах Духа Святога і сілах фізічных у абвяшчанні Евангелля для місіянерак і місіянераў.
- Молімся аб ласцы навяртання для ўсіх, хто пераследуе хрысціянаў.
- Молімся, каб кожны ахрышчаны адчуваў адказнасць за місіі.
- Молімся, каб кожны дзень мы хацелі ахвяроўваць для іншых.
Божа, ад Цябе мы атрымліваем кожнае дабро. Дзякуем Табе за ўсе Твае дары і за тое, што слухаеш нашыя малітвы. Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.
С. Людміла Леўдаровіч MChR