Дзень, прысвечаны Пану…
Збіраемся вакол алтара, каб
уважліва слухаць словы, з якімі Пан звяртаецца да кожнага з нас, і
прымаць Яго Найсвяцейшае Цела. Сённяшняя літургія паказвае, як дасягнуць
мудрасць і знайсці таго, хто з’яўляецца сапраўдным скарбам.
У Эўхарыстыі маем магчымасць сустракацца з Мудрасцю, якая ёсць Асобай і найбольшым скарбам Касцёла.
Каментарый да літургіі слова
Малады чалавек, які прыходзіць да Езуса, мае ўсе прыкметы добрага вучня: шчыра шукае, задае пытанні, з дзяцінства захоўвае Божыя запаведзі. А ці можа кожны з нас сказаць такое пра сябе?
Малады чалавек гаворыць: «Настаўнік добры…» Чаму называе Езуса добрым? Што такога незвычайнага знаходзіць у Ім? Кім для яго з’яўляецца гэты Настаўнік? Шукае адказы на свае пытанні, шукае сваю дарогу. Езус, узглянуўшы на маладога чалавека, зазірнуў у глыбіню сэрца, у самыя патаемныя закуточкі душы — палюбіў яго. Езус запрасіў маладога чалавека, каб той быў толькі з Настаўнікам, ішоў за Ім, зрабіў нейкі крок у Яго бок. Каб устанавіліся такія сяброўскія, асабістыя адносіны з Езусам, трэба пакінуць усё тое, што ёсць нашым багаццем. Мы нават не ўсведамляем, якія мы багатыя. Мы прывязваемся да розных рэчаў, асобаў, падзеяў. І ў пэўным моманце становімся нявольнікамі саміх сябе, сваіх думак, сваіх паводзінаў, сваіх прагненняў, сваёй боязі і непакою.
У нейкім сэнсе, усё вышэй названае і з’яўляецца нашым багаццем, бо жывем гэтым, носім усё гэта ў сабе, падпітваемся гэтым і не ўмеем пакінуць усё, адарвацца ад усяго, няўпэўнена трымаючы ў сваіх руках.
З аднаго боку, хочам пайсці за Езусам, бо Ён прыцягвае сваёю любоўю; з другога — тое, чым жывем, з’яўляецца для нас такім важным і каштоўным, што цяжка ўсё пакінуць.
Змагаемся самі з сабой, з жыццём. Не знаходзім супакою. Не маем радасці ў сэрцы. Не слухаем, што гаворыць да нас Езус, хоць словы Яго вельмі простыя. Звяртаецца да Марты: «Марыя ўзяла найлепшую частку» (Лк 10, 38); да Святога Паўла: «Хопіць табе Маёй ласкі» (2 Кар 19, 9). Звяртаецца да нас: «Прадай усё, што робіць цябе нявольнікам, і будеш мець скарб у небе».
Так цяжка паверыць словам Езуса, так цяжка паверыць, што толькі з Ім і ў Ім знойдзеш тое, па чым сумавала нашае сэрца. У Езусе знойдзем мудрасць, любоў і супакой.
Гэта менавіта Ён наталяе ўсе нашыя прагненні. Але найперш трэба адарвацца ад сябе і ўсяго таго, што пабудавалі ў сабе, ад тых багаццяў, якія так старанна захоўвалі. Сёння Езус заклікае нас быць вольнымі, адначасова адорвае нас сваім любячым поглядам, жадаючы менавіта ў гэтую хвіліну даць штосьці выключнае і самае каштоўнае — сябе самога.
Дазволім жа, каб Ён напаўняў нас, пакладзем да Яго ног усё тое, што не дазваляе нам быць вольнымі, што так трымае нас, перашкаджаючы адносінам з Езусам. Трэба аддаць Яму свой страх, які так прыгнятае нас. Езус мае моц перамяніць, вызваліць і ўзбагаціць нас Сабой.
Малітва вернікаў
Да Бога, шчодрага на ласкі і міласэрнасць, з даверам узнясём нашыя просьбы.
- Молімся за Святы Касцёл, каб паказваў людзям, што ў жыцці самае важнае, і вёў усіх да Бога.
- Молімся за Святога Айца Бэнэдыкта ХVІ, каб Бог захоўваў яго жыццё і адорваў здароўем для дабра Касцёла і ўсяго свету.
- Молімся за дзяцей, якія ў гэтым годзе прыступілі да Першай святой Камуніі, каб сустрэча з Панам Езусам прынесла плён; няхай будзе трывалай іх сувязь з Богам, а самі стануць добрымі людзьмі.
- Молімся за нашых блізкіх, каб Пан Бог іх благаславіў, адорваючы патрэбнымі ласкамі, а душы памерлых прыняў у вечнае Валадарства.
- Молімся за нас, сабраных на нядзельнай святой Імшы, каб, узмоцненыя Божым Словам і Эўхарыстыяй, кожны дзень сваімі ўчынкамі давалі сведчанне нашай веры.
Божа, Ты — адзінае наша багацце. Учыні, каб хрысціяне ўбачылі ў Табе сваё адзінае багацце, спаўняючы благаслаўленне ўбогіх у духу, і дасягнулі Нябеснага Валадарства. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала с. Мірыям Маршалэк ZSJM