Каментарый да літургіі
«Слова Тваё, Пане, — гэта праўда. Асвяці нас у праўдзе».
Асвяці наш розум, Пане, каб разумелі Тваю волю ў нашым жыцці. Праз малітву, праз чытанне духоўнай літаратуры, а асабліва праз чытанне Бібліі. У духоўных практыках найчасцей прыходзіць разуменне Божага слова. Учыні, Пане, каб кожны імкнуўся пазнаваць Цябе і сведчыць пра збаўленне, якое прыйшло праз Цябе. «О, каб усе ў народзе Пана былі прарокамі, каб Пан даў ім свайго духа».
Каментарый да літургіі слова
«Хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды».
Езус яшчэ раз нагадвае нам пра сапраўдную любоў, якую мы павінны мець да кожнага хрысціяніна. Нагадвае таксама, што ў кожным чалавеку, незалежна ад веравызнання ці сацыяльнага статусу, ёсць добрае, і гэтае добрае трэба бачыць. Езус вучыць любіць бліжняга не за заслугі, а ў імя таго, што «мы Хрыстовыя».
Малітва вернікаў
Просім Цябе, Пане:
- Дапамажы нам дапамагаць кожнаму, хто патрабуе нашай дапамогі.
- Дай усім навучэнцам прагненне ведаў і сілы для іх спасцігання.
- Няхай дзеці і моладзь маюць магчымасці рэлігійнага выхавання.
- Дапамажы ўладам разумна кіраваць дзяржавамі, каб народ мог жыць у спакоі і згодзе.
- Прымі нашых памерлых у месца шчасця і супакою, дай ім вечнае спачыванне.
Няхай наша малітва ўзнясецца да Цябе, Пане. З верай хочам прымаць Тваю волю, поўную любові да нас.
Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч.