Каментарый да літургіі
Мы добра ведаем, кім для нас з’яўляецца Езус Хрыстус. Прыходзім сёння на Эўхарыстыю, каб вызнаць веру ў Яго, паўтараючы ўслед за св. Пятром: «Ты ёсць Месія». Хочам таксама ў штодзённым жыцці ісці за Езусам. Будзе гэта патрабаваць ахвяры ад нас для Яго. Нашу ахвяру з мінулага тыдня далучаем да Яго ахвяры, якая за хвіліну будзе складацца сярод нас на алтары. На пачатку, аднак, перапросім Езуса за нашу няўпэўненасць, калі мы ідзем за Ім, несучы свой крыж.
Каментарый да лiтургii слова
Сённяшняе Евангелле некамфортнае. Ставіць нас перад выбарам, ад якога залежыць усё нашае жыццё. Пачынаецца з вельмі простага пытання: за каго людзі прымаюць Езуса? Адказваючы, вучні называюць розныя варыянты. І няма ў гэтым нічога дзіўнага: колькі людзей — столькі меркаванняў. Нарэшце, кожны мае права мець свой погляд. Таму Езус не перакрэслівае кожнае выказванне, не выступае супраць яго. Пытае далей. А вы? Што вы думаеце пра Мяне? Гэта ўжо не просьба, каб паўтарылі тое, што дзесьці пачулі. Гэта вельмі асабістае пытанне, у нейкай ступені — нават інтымнае: кім ёсць для мяне Езус? Уяўляю сабе, што тады перажывалі апосталы, якія думкі, пачуцці, эмоцыі іх перапаўнялі. Бо, сапраўды, ці ведалі яны, кім з’яўляецца Езус? Адны прымалі Яго за Яна Хрысціцеля, іншыя — за Ілью, а яшчэ іншыя — і пра гэта апосталы маўчалі — за вар’ята, з якім лепш не мець ніякіх спраў. Каму верыць? Людзям? Калі так, то каму? А калі не слухаць іншых, а толькі тое, што ў сэрцы? Толькі тое, што гаворыць сэрца? Бедныя апосталы. Толькі Пётр мае адвагу адказаць на пытанне, называючы Езуса Месіяй. Месія — намашчаны, кароль Ізраэля, збаўца. Езус заўсёды гатовы выйсці на абарону пакрыўджанага, беднага, пакінутага ўсімі чалавека. Часам некаторыя кажуць, што вельмі б хацелі жыць у часы Езуса, быць адным з Яго вучняў або на момант спаткацца з Ім тварам у твар ці дакрануцца да Яго вопраткі. Разважаю: ці распазнаў бы ў Езусе Месію? Ці меў бы адвагу супрацьстаяць вучоным у Пісанні і рабінам у сінагогах, якія бачылі ў Езусе вар’ята, ашуканца, а нават апантанага злым духам Бельзебубам? На самой справе, не ўсё так проста. І тады дзякую Пану Богу, што нарадзіўся ў часы, калі хрысціянства ёсць рэлігіяй, якую вызнаюць ва ўсім свеце, што веру ў Езуса перадалі мне бацькі. Аднак гэта не вызваляе мяне ад адказу на пытанне Езуса: а ты за каго Мяне прымаеш? Ці Езус для мяне толькі элемент традыцыі, нават вельмі пабожнай, аднак толькі традыцыі, у якой быў выхаваны, ці жывая Асоба, мой Збаўца і найлепшы сябар? Кім з’яўляецца для мяне Езус?
Малітва вернікаў
Праз Езуса Хрыста скіруем нашыя просьбы да Нябеснага Айца
1. За Святы Касцёл, каб дапамагаў людзям адчуваць у іх штодзённым жыцці знак любові і Божага прадбачання.
2. За пакліканых да святарства ці законнага жыцця, каб не баяліся ахвяраваць сябе Богу.
3. За ўсіх, хто займаецца выхаваннем маладога пакалення, каб дапамаглі ўсвядоміць моладзі, якімі важнымі каштоўнасцямі з’яўляюцца сумленная праца і вернасць абавязкам.
4. За невылечна хворых людзей і за тых, хто перажыў цяжкія моманты ў жыцці, каб сваё цярпенне ахвяравалі за збаўленне іншых.
5. За памерлых з нашых сем’яў, каб дайшлі да радасці прабывання з Богам назаўсёды.
6. За нас саміх, каб вера, якую вызнаем, прыносіла плён у нашым штодзённым жыцці.
Божа, дапамажы нам, каб мы, паслухмяныя закліку Твайго Сына, кожны дзень ішлі за Ім са сваім крыжам. Які жыве і валадарыць на векі вечныя.
Падрыхтавала с. Мірыям Маршалэк ZSJM