Каментарый да літургіі
Бог шукае сустрэчы з кожным чалавекам. Ноччу ці раніцай, у касцёле ці на працы? Бог прамаўляе да нас у кожным месцы і ў кожны час. Толькі вось голас Яго нельга пачуць вухам, яго можна адчуць і прыняць сэрцам.
«Прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова, якое можа збавіць вашыя душы. Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе».
Каментарый да літургіі слова
Шмат людзей сёння лічаць, што наш свет стаў дрэнным і з кожным днём становіцца яшчэ горшым. Аднак паразважаем пра тое, што сёння ў Евангеллі кажа Езус. «Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго». Сваімі думкамі, позіркамі, дзеяннямі мы або асвячаем свет, або робім яго больш брудным. Спытаем у сябе: а што я прыношу ў гэты свет?
Малітва вернікаў
У дзень, які прысвячаем нашаму Богу, пакорна просім Яго:
- Умацуй, Пане, святароў на абраным імі шляху. Асабліва тых, якія нядаўна атрымалі святарскае пасвячэнне. Няхай іх прыклад умацоўвае веру людзей, даручаных ім.
- Просім аб дары розуму і прагнення ведаў для ўсіх, хто распачынае новы навучальны год. Няхай гэты час, прысвечаны навучанню, прынясе добры плён.
- Молімся за настаўнікаў, каб жадалі як мага больш аддана працаваць, дапамагаючы навучэнцам паглыбляць веды.
- Молімся за людзей, церпячых ад цяжкіх хваробаў, каб заўсёды адчувалі прысутнасць і падтрымку Бога.
Усемагутны Божа, дапамагай нам кожную хвіліну імкнуцца да ўсё большай еднасці з Табою — крыніцай Святла і Жыцця!
Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч