Каментарый да літургіі
«Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць».
З гэтымі шчырымі словамі сёння Езус звяртаецца да кожнага з нас. А ці можам мы адказаць Яму з такой жа шчырасцю: «Так, Пане, я прыходжу да Цябе з жаданнем сустрэчы, так, я веру ў Цябе і ў збаўленне, якое Ты даеш свету»?
Падчас вызнання веры давайце падумаем асаблівым чынам над кожным словам, якое будзем вымаўляць.
Каментарый да літургіі слова
«Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых».
Эўхарыстыя — вялікая таямніца, дадзеная людзям ад Бога. Дзе мы зможам убачыць большую ахвярнасць, чым падчас святой Імшы, калі хлеб і віно пераўтвараюцца ў Цела і Кроў нашага Збаўцы? Але ж не толькі гэта дае нам Пан. Таксама наш Айцец падрыхтаваў нам стол слова свайго, з якога мы можам і павінны спажываць не менш. І сёння няхай кожны з нас падумае, у якой ступені набліжаецца ён да Бога праз чытанне і разуменне Бібліі.
Малітва вернікаў
Да Езуса, які прыходзіць да нас у Эўхарыстыі, узнясём нашыя малітвы.
1. Божа, дай нам магчымасці як мага часцей спажываць Нябесны Хлеб.
2. Просім аб дары ўважлівасці падчас святой Імшы, каб літургія ніколі не ператварылася для нас у штодзённасць.
3. Молімся аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.
4. Молімся за рэкалекцыяністаў, каб іх казанні прыносілі багаты плён.Молімся за памерлых, каб яны маглі прабываць у месцы супакою.
Божа, пачуй нас і ўчыні, каб як мага больш людзей з чыстым сэрцам маглі прымаць Цябе ў постаці Хлеба.