Пошук

20.07.2012 00:00  

Каментарый да літургіі

Разгар канікул, многія з нас адпачываюць, падарожнічаюць, праводзяць час на прагулках.

Збіраемся на нядзельнай Эўхарыстыі вакол нашага Пастыра. Прыходзім, бо ведаем, што мы слабыя і нічога не можам самі. Адчуваем смагу па духоўным пажытку больш, чым па зямной ежы. Прагнем слова Божага, якое з’яўляецца нашай моцай і жыццём. Прагнем знаходзіцца блізка Пастыра, які клапоціцца пра кожную сваю авечку, а найбольш пра слабую і пакалечаную. Прагнем адпачыць на Ягонай пашы і дазволіць, каб Ён аб’яднаў нас у адну аўчарню.

Каментарый да літургіі слова

Сёння Езус запрашае нас адпачыць, адыйшоўшы на месца пустыннае. Заахвочвае нас да цішыні і засяроджанасці, да таго, каб выключыць тэлевізар і камп’ютар, застацца аднаму. Заахвочвае адмовіцца на хвіліну ад таго, што нас акружае штодзённа. Ці ўмеем мы так адпачываць? Ці зможам адмовіцца ад таго, што навокал нас, каб у цішыні знайсці таго, хто запрашае нас да самотнасці, каб яе напоўніць сабой, каб даць нам сябе пазнаць і палюбіць. Езус, наш Пастыр, ведае нашыя сэрцы, нашыя патрэбы, нічога няма таемнага ад Яго. Ведае, па чым больш за ўсё сумуе нашае сэрца...

« Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму» (Мк 6, 34). Літасць абудзіла ў Езусе не іх дрэннае адзенне, голад і змучанасць, а іх разгубленасць. «Былі як авечкі без Пастыра». Стада без правадыра губляецца, не ведае куды ісці, дзе шукаць пашу, дзе адпачыць. Яго ніхто не абараняе.

«Езус злітаваўся над імі... і пачаў іх вучыць». Слова Божае з’яўляецца пажыткам, які насычае, святлом у дарозе, мячом для абароны і барацьбы са злом. Езуса патрабуюць разгубленыя, знямоглыя і зняволеныя.

Малітва вернікаў

Сабраныя каля нашага Пастыра, падчас Эўхарыстычнай ахвяры мы ўзносім да Бога нашыя супольныя просьбы:

1. Молімся за ўсіх біскупаў свету, каб добры Бог зрабіў іх руплівымі пастырамі Свайго народа.
2. Молімся за кіраўнікоў дзяржаў, каб выконвалі свае абавязкі ў духу служэння людзям.
3. Молімся за настаўнікаў, выхавацелаў і катэхетаў, каб час адпачынку даў ім сілы для плённай працы з моладдзю.
4. Молімся за падарожных, каб дзякуючы Божай апецы шчасліва дасягнулі мэты свайго шляху.
5. Молімся за нашых блізкіх памерлых, каб разам са святымі сузіралі Хрыста ў небе.
6. Молімся за нас саміх, каб жывучы паводле Евангелля мы ўсё больш пазнавалі Бога і прыносілі плён добрых учынкаў

Божа, Ойча ўсемагутны, выслухай нашыя просьбы, якія ўзносім да Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

с. Мірыям Маршалэк ZSJM

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.