Кожную нядзелю мы прыходзім у касцёл, каб праслаўляць Бога. Сёння задумаемся, наколькі поўна кожны з нас удзельнічае менавіта ў гэтай Імшы. Спеў, шчырая малітва, сканцэнтраванасць. Кожны момант мае свой асаблівы сэнс. Паставім перад сабой пытанне: ці мае вочы сапраўды звернуты да Пана?
Каментарый да літургіі слова
На шляху нашага жыцця мы сустракаемся з рознымі цяжкасцямі. Складанасці на працы і дома, канфлікты са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі. Усё гэта разбурае гармонію, якую дае нам Бог.
Сёння ў літургіі слова мы чуем: «Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста. Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні, уціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны». Калі ў розных жыццёвых сітуацыях будзем адчуваць сябе слабымі, узгадаем гэтыя словы і шчыра даверымся Богу — крыніцы дабра і любові.
Малітва вернікаў
- Дапамажы, Божа, у нашых слабасцях, каб жыла ў нас моц Хрыста Уваскрослага.
- Пане, злітуйся над тымі, хто церпіць ад цяжкіх хваробаў, каб адчулі Тваю любоў.
- Молімся за святароў, каб сваім прыкладам заўсёды заклікалі людзей да жыцця з Богам.
- Молімся за сужэнствы, каб умацоўваліся ў веры, надзеі і любові.
Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч