Хрыстус заўсёды прысутнічае сярод нас, але пад заслонай знакаў. Застаецца з намі ў сваім слове, якое нясе збаўленне. У асаблівы спосаб застаецца з намі ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Сакрамэнтальныя знакі: вада, віно, хлеб, слова і жэсты — гэта толькі нібы адзенне, праз якое можам дакрануцца да самога Хрыста. Трэба толькі сапраўды паверыць, што Ён ёсць сярод нас, што прамаўляе да нас і па-ранейшаму здзяйсняе вялікія знакі.
Каментарый да літургіі слова
«Бог не стварыў смерці і не радуецца гібелі жывых». Таму Хрыстус, Бог-Чалавек, гледзячы на веру людзей, няспынна перамагае цярпенне і смерць, каб паказаць, што Ён з’яўляецца Панам жыцця, Богам жывых і самім Жыццём. Чалавек быў створаны для несмяротнасці і таму, становячыся падобным да Езуса, павінен прамяніцца ў веры, ласцы, любові, каб дасягнуць мэты свайго зямнога падарожжа — вечнага збаўлення.
Малітва вернікаў
Бог, любячы Айцец, ведае нашы патрэбы яшчэ да таго, як мы Яго папросім. Звернемся да Пана праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста.
- Молімся за Касцёл Святы, каб няспынна абвяшчаў усім людзям аб Езусе Хрысце, які перамог смерць і першы ўваскрос.
- Молімся за людзей бедных, сумняваючыхся, і тых, хто не мае надзеі, каб памяталі, што Хрыстус заўсёды дае сваю ласку, каб перамагчы цяжкасці.
- Молімся за невылечна хворых людзей, каб з даверам шукалі аздараўлення ў Хрыста, які, гледзячы на іх веру, можа забраць немач і хваробу.
- Молімся за памерлых, каб вечна радаваліся прабываннем з Богам.
- Молімся за нас, тут сабраных, каб мы прыходзілі да Хрыстовага алтара з прагненнем узмацнення веры ў Яго прысутнасць паміж нас.
Ойча Святы, праз свайго Сына Ты няспынна аб’яўляеш нам сваю ўсемагутнасць і міласэрнасць. Просім, акажы ўсім людзям Тваю любоў і выслухай нашы малітвы, якія з верай Табе прадстаўляем. Праз Хрыста Пана нашага.
Апрацавала с. Людміла Леўдаровіч MChR