Пошук

21.06.2012 00:00  
Каментарый да лiтургii

Ужо ва ўлонні маці святы Ян быў пакліканы стаць незвычайным папярэднікам Божага Сына. Яго нараджэнне выклікала вялікае здзіўленне ў асяроддзі, але гэта быў толькі пачатак яго выключнай біяграфіі. У выніку пакуты і малітвы ён стаў радыкальным, вельмі рашучым у сваіх дзеяннях, а яго сціпласць і пакора выклікаюць вялікае захапленне. Таму просім сёння нашага Пана, каб даваў нам адвагу сведчыць сваім жыццём пра Яго любоў у сучасным свеце і сваёй паставай дапамагаць іншым у дарозе да Любові.

Каментарый да лiтургii слова

«Ян — імя Яго». Гэты кароткі сказ адкрыў вусны нямому Захарыю. Імя «Ян» невыпадковае. Па-габрэйску яно значыць «Бог злітаваўся». Фактычна, Бог злітаваўся над сужэнствам, якое было ўжо ў пажылым узросце, і нарэшце падарыў патомка. Маці зразумела гэтае імя як злітаванне Бога над ёй; бацька ведаў, што справа тут у злітаванні Бога над усім Ізраэлем; мы ж ведаем, што мова тут пра злітаванне Бога над усім чалавецтвам. І так звязалася сямейнае жыццё з гісторыяй народа і гісторыяй свету.

І тое самае адбываецца з Божымі дарамі аж да сённяшняга дня. Пан Бог па-рознаму адорвае асобных людзей ці асобныя сем’і. Добрае прыняцце Божага дару мае плён у тым, што не толькі адна асоба ці сям’я атрымоўвае дар, але адначасова і ўся супольнасць.

Як жа цяжка нам часамі дзяліцца атрыманымі дарамі! Захарыю было патрэбна аж дзевяць месяцаў маўчання, каб зразумець, што Ян — гэта асаблівы дар Бога, які будзе аддадзены на асаблівае служэнне. Колькі ж часу маўчання патрэбна нам, каб ад усяго сэрца сказаць: тое, што атрымаў ад Бога, я аддаю Богу і Касцёлу?

Малiтва вернiкаў

Да Пана, які не перастае нам пасылаць прарокаў і настаўнікаў, скіруем нашыя просьбы:
  1. Ян абвяшчаў хрост навяртання ўсяму народу. Молімся за ўсіх ахрышчаных, каб сваім жыццём указвалі на Хрыста.
  2. «Пан паклікаў мяне ўжо ва ўлонні маці». Молімся аб дары новых пакліканняў да служэння ў Касцёле.
  3. «Узнагарода мая ў Бога майго». Молімся за ўсіх памерлых, якія сваё жыццё прысвяцілі навучанню веры, каб за працу, для нас ахвяраваную, Бог узнагародзіў іх вечнай хвалой.
  4. «Я зрабіў цябе святлом народаў, каб ты быў збаўленнем аж да межаў зямлі». Молімся за пакліканых да Божай службы, каб праз жыццё згоднае з Евангеллем яны былі святлом для сучаснага свету.
  5. «Рука Пана была на ім». Молімся за нас саміх, каб за нашую вернасць Пану мы адчувалі Яго ласку кожны дзень.
Божа Ойча, ты ведаеш кожнага з нас. Ужо цяпер мы прагнем Цябе праслаўляць за нашы выслуханыя просьбы, бо справы Твае годныя найбольшага захаплення ў Езусе Хрысце, Пану нашым.

С. Мірыям Маршалэк
Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.