3 мая сёлета адзначаем найбольшую таямніцу нашай хрысціянскай веры — таямніцу Трыадзінага Бога: Айца, Сына і Духа Святога.
Бог, нязведаны ў сваіх дарогах і неспасцігальны ў таямніцы свайго ўнутранага жыцця, аб’яўляе нам сябе ў сваім Адзінародным Сыне — Езусе Хрысце, якога паслаў у свет. Дух Святы яднае нас і дапамагае нам трываць ў любові Айца і Сына. Слова Божае і Эўхарыстыя толькі часткова адкрываюць нам таямніцу Тройцы. Таму калісьці ў святле новага жыцця мы ўбачым Бога такім, якім Ён ёсць, тварам у твар. Кожны з нас створаны і пакліканы, каб навекі прымаць удзел у жыцці самога Бога.
Каментарый да літургіі слова
Усемагутны Бог, Стварыцель неба і зямлі, прынізіўся да людзей і аб‘явіў ім самога сябе. Народ Ізраэльскі, выбраны праз Бога, адчуваў Яго прысутнасць і блізкасць у знаках, цудах, у голасе прарокаў і вялікіх правадыроў — такіх, як Майсей. У Езусе Хрысце Бог стаў адным з нас, Тым, якому дадзена ўлада ў небе і на зямлі, дазволіў сваім вучням дакранацца да Яго і быць з Ім. Дзякуючы Яго смерці і змёртвыхпаўстанню ўсе мы маем удзел у таямніцы Божага жыцця і як дзеці можам да Бога звяртацца: «Абба», гэта значыць «каханы Ойча». Чым мы адплацім Богу за ўсё тое, што зрабіў для нас?
Малітва вернікаў
Да Бога Айца, праз Езуса Хрыста, у Духу Святым занясём нашыя пакорныя просьбы:
Божа, змілуйся над намі
- Божа, Ты паклікаў да існавання ўвесь сусвет, просім, дай усім людзям пачуццё годнасці Тваіх дзяцей.
- Божа, Ты паслаў свайго Сына для нашага збаўлення, давядзі да святла веры тых, хто яшчэ не ведае Евангелля.
- Божа, Твой Сын паслаў вучняў, каб навучалі ўсе народы, дазволь тым, якія прапаведваюць Тваё слова, радавацца плёнамі сваёй працы.
- Божа, прымі да вечнай хвалы нашых памерлых братоў і сясцёр, дай ім удзел у Тваім жыцці і шчасці.
- Божа, Ты стварыў нас паводле свайго вобразу і падабенства, зрабі, каб мы праз сваю штодзённую працу падрыхтаваліся да прыйсця Твайго Валадарства.
C. Людміла Леўдаровіч MChR