Пошук

11.06.2017 12:45  

Каментарый да літургіі

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому, як было спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

Гэту малітву праслаўлення Найсвяцейшай Тройцы мы прамаўляем кожны дзень. Урачыстая літургія сённяшняга дня раскрывае нам таямніцу Бога, у Тройцы святой Адзінага. Глыбіню Найсвяцейшай Тройцы мы не здольныя цалкам спазнаць і зразумець, таму прымаем з верай праўду аб тым, што ўсемагутны Бог-Айцец, Езус Хрыстус і Святы Дух — гэта тры Асобы Бога, але Бог – Адзіны.

Каментарый да літургіі слова

Першае літургічнае чытанне з кнігі Зыходу акцэнтуе ўвагу на якасцях

Бога, які з’яўляецца «міласэрным і літасцівым, доўгацярплівым і шматміласцівым, і праўдзівым».

Бог з’яўляецца дасканалай любоўю, якая яднае ў Духу Святым усіх, хто верыць у Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага.
Святы апостал Павел у пасланні да карынцянаў кажа аб тым, як павінны паводзіць сябе хрысціяне, каб з імі прабываў Бог: «(…) радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў спакоі…»

Радасць у Святым Духу, імкненне да дасканаласці і Божы спакой дапамагаюць хрысціянам на шляху  ўмацавання веры і ўзрастання ў святасці.

Малітва вернікаў

Праславім Айца Усемагутнага праз Езуса Хрыста ў Духу Святым, скіроўваючы да Бога свае малітвы:

  • Молімся за Папу Рымскага Францішка, усіх біскупаў, святароў і дыяканаў, каб асвечаныя святлом Святога Духа, неслі любоў, згоду і Божы супакой кожнаму чалавеку, асабліва тым, хто найбольш гэтага патрабуе.
  • Молімся за краіны, дзе пануе нянавісць і праліваецца кроў бязвінных ахвяр войнаў і тэрактаў, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, абранніцы Святога Духа, там запанаваў сапраўдны Божы супакой.
  • Молімся за людзей, якія жывуць у нязгодзе з уласным сумленнем з-за граху пыхі і непрабачэння, каб з дапамогаю Божай ласкі яны змаглі шчыра прабачыць сваім крыўдзіцелям і перамяніць сваё жыццё праз сакрамэнт пакаяння.
  • Молімся за маці, якія ў бліжэйшы час чакаюць нараджэння дзяцей, каб зразумелі, што дзіця — гэта Божы дар, і каб заўсёды атулялі сваіх дзяцей сапраўднай любоўю і выхоўвалі ў хрысціянскай веры.
  • Молімся за дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі першую святую Камунію і цяпер знаходзяцца на летніх канікулах, каб выкарысталі іх належным чынам і каб як мага часцей ядналіся з Хрыстом у сакрамэнце Эўхарыстыі.
  • Молімся за ўсю нашу Эўхарыстычную супольнасць, каб узмоцненыя Святымі Дарамі, мы змаглі годна вызнаваць перад людзьмі сваю веру ў Бога Айца і Сына, і Духа Святога, з кожным днём імкнучыся да святасці.

    Выслухай, Божа, нашыя малітвы, якія сёння з вераю да Цябе кіруем. Учыні ўсё, што згодна з Тваёй святой воляй.
    Праз Хрыста, Пана нашага, які з Табою і ў еднасці з Духам Святым жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.