Сёння ўрачыстасць Спаслання Духа Святога — свята ўмацавання Касцёла і еднасці ўсіх ахрышчаных. З’яднаныя Духам Святым, мы праслаўляем Бога за справу збаўлення і дзякуем за Касцёл, які, напоўнены Духам Святым, вядзе нас да паўнаты любові і праўды. Просім Бога, каб ачысціў нашыя сэрцы агнём Духа Святога і ўчыніў нас сваёй святыняй, каб мы былі знакам еднасці ўсяго свету.
Каментарыі да літургіі слова
Дух Святы сышоў на апосталаў, і яны, напоўненыя Яго моцаю, пачалі размаўляць на мовах, зразумелых для ўсіх. Гэта знак Касцёла, які пасланы да ўсіх народаў і прамаўляе на зразумелай мове любові, збіраючы рассеяныя народы ў адну сям’ю.
Дух Святы і надалей прысутны ў Касцёле і ўзбагачае яго разнастайнымі дарамі, падтрымліваючы ў еднасці. Хрыстус праз Духа Святога і сёння дае Касцёлу сапраўдны спакой і прабачэнне, як некалі апосталам, сабраным у вячэрніку.
Малітва вернікаў
У дзень Спаслання Духа Святога ўзнясём нашыя супольныя просьбы да Бога.
- Молімся за святы Касцёл, каб усіх яго вернікаў ажыўляў Дух уваскрослага Хрыста. Цябе просім...
- Молімся за Святога Айца Францішка, каб вучэнне Хрыста, якое ён нясе ўсім людзям, спрыяла ўсталяванню спакою і міру ў свеце. Цябе просім...
- Молімся аб новых, шчодрых і святых пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця, каб усё больш маладых людзей імкнулася стаць сведкамі Бога ў сучасным свеце. Цябе просім...
- Молімся за людзей нешчаслівых, хворых і самотных, каб Дух Святы, Суцяшыцель, адарыў іх новымі сіламі і паказаў сэнс цярпення. Цябе просім...
- Молімся за людзей, якія жывуць у граху, каб пачулі голас Духа Святога, які заклікае іх да навяртання. Цябе просім...
- Молімся за нас, тут прысутных, каб дарамі Духа Святога мы былі ўмацаваныя ў веры і надзеі. Цябе просім...
Ойча, Ты навекі з’яднаў нас у сваёй любові, учыні, каб хвала змёртвыхпаўстання Твайго Сына і моц Духа Святога вялі нас да глыбейшага пазнання Тваіх таямніцаў. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтаваў Януш Чарнамораў,
навучэнец пінскай семінарыі