Каментарый да літургіі
Велікодны час у жыцці хрысціяніна — гэта асаблівы перыяд, у якім падкрэсліваецца трывалая радасць. Мы ўжо пачулі найважнейшую вестку — Хрыстус Уваскрос! Сёння, складаючы на алтары Пана тое, з чым мы прыходзім, што турбуе нашыя сэрцы, што выклікае слёзы смутку і радасці, прагнем маліць Бога, каб Ён перамяніў нашае нутро, каб перамог наш страх, каб адарыў нас сапраўднай мудрасцю.
Каментарый да літургіі слова
У сённяшнім Евангеллі Езус звяртаецца да Айца з клопатам і хваляваннем. «Я за іх прашу», — чуем малітву Езуса, нашага Настаўніка. Сам Бог моліцца за нас. Не варта ўжо нічога баяцца. Трэба бязмерна давяраць Божаму Провіду, таму што ўсё ў Яго руках. Хрыстус дае нам прыклад малітвы, у якой мы павінны памятаць пра іншых. Наша малітва не можа канцэнтравацца толькі на сабе, мы запрошаны несці Богу просьбы за іншых.
Малітва вернікаў
З вераю ў Езуса Хрыста ўзнясём да Бога нашыя малітвы:
- Молімся за святы Касцёл, каб усе яго вернікі здолелі распазнаць місію, якую вызначыў ім Бог. Цябе просім...
- Молімся аб новых, шчодрых і святых пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця, каб на нашай зямлі палалі полымем веры самаадданыя працаўнікі на ніве Пана. Цябе просім...
- Молімся за цяжкахворых людзей, каб праз свае цярпенні выпрошвалі свету Божую міласэрнасць. Цябе просім...
- Молімся за нашых памерлых, каб праз Браму, якой з’яўляецца Хрыстус, яны далучыліся да супольнасці збаўленых. Цябе просім...
- Молімся за нашу эўхарыстычную супольнасць, каб мы, паяднаныя з Хрыстом, мужна выконвалі заданні хрысціянскага паклікання. Цябе просім...
Добры Божа, Ты выслухоўваеш нас і хочаш нам дапамагчы, навучы нас прымаць Тваю дапамогу і дзякаваць Табе за ўсё. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтаваў Януш Чарнамораў,
навучэнец пінскай семінарыі