Вера ва ўваскрасенне Хрыста абапіраецца на асабістай сустрэчы з Ім. Сёння ў Евангеллі мы пачуем пра сустрэчу Езуса і двух вучняў, якія ішлі ў Эмаўс. Іх сэрцы палаюць, калі Ён тлумачыць ім Пісанне. Калі нашае сэрца не запалае ад сустрэчы з Уваскрослым, хрысціянства будзе для нас толькі навязанай сістэмай абмежаванняў.
Каментарый да літургіі слова
У літургіі слова мы пачуем пра тое, што з'яўляецца сэрцам прапаведавання апосталаў — праўда пра ўваскрасенне Хрыста. Спачатку вучні Езуса самі не маглі прыняць факт, што Месія, які памёр на іх вачах, ізноў жыве. Уваскрослы Хрыстус неаднаразова аб'яўляецца ім, каб накіроўваць іх і ўмацоўваць.
Евангеліст Лука апісвае, як вучні пазналі Хрыста «ў ламанні хлеба». Так першыя хрысціяне называлі святую Імшу. Падчас Імшы мы сустракаемся з Хрыстом: праз Божае слова Ён нас накіроўвае, а праз святую Камунію дае сілы рэалізоўваць пачутае.
Малітва вернікаў
Святкуючы перамогу Хрыста над смерцю і грахом, прадставім Богу нашыя просьбы і спадзяванні:
1. Молімся за святы Касцёл, каб мог свабодна абвяшчаць усім людзям праўду аб уваскрасенні Хрыста. Цябе просім...
2. Молімся аб пакліканнях да святарства, кансэкраванага жыцця і місійнай дзейнасці, каб павялічвалася колькасць тых, хто абвяшчае Хрыста словам і жыццём. Цябе просім...
3. Молімся за хворых, каб уваскрослы Хрыстус быў для іх суцяшэннем. Цябе просім...
4. Молімся за дзяцей, якія рыхтуюцца прыняць святую Камунію ўпершыню, каб яны заўсёды былі гатовыя да сустрэчы з Езусам. Цябе просім...
5. Молімся за нашых памерлых, каб добры Бог прыняў іх у сваё Валадарства. Цябе просім...
6. Молімся за ўсіх нас, сабраных на святой Імшы, каб у свеце, прасякнутым варожасцю і падзеленым канфліктамі, мы ўмелі будаваць цывілізацыю Божай любові. Цябе просім...
Божа, які даеш жыццё і перамагаеш смерць, пачуй малітвы свайго народа, якія мы з надзеяй узносім да Цябе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтаваў кс. Кірыл Бардонаў