Каментарый да літургіі
Мы ўсе ахрышчаныя, і ў нас цячэ вада з жывой крыніцы. Яна абмывае наша грэшнае жыццё і асвячае яго. У Трэцюю нядзелю Вялікага посту мы аднаўляем наш запавет з Богам, заключаны падчас хросту, каб яшчэ раз атрымаць жывую ваду, — ласку, якою з’яўляецца сам Езус Хрыстус, прысутны ў нашых сэрцах.
Хрыстус хоча спатоліць нашую смагу. Перапросім Бога за тое, што мы часта адыходзім ад крыніцы жывой вады, што ідзём напіцца з дзіравых цыстэрнаў, у якіх вада не можа нават затрымацца.
Каментарый да літургіі слова
Хрыстус, размаўляючы з самаранкай пра жывую ваду, якая наталяе смагу, абяцаў ёй дар ласкі хросту. Прадвеснікам гэтага была вада са скалы, якую па просьбе Майсея Бог даў абранаму народу на пустыні. Хрысціяне ў сакрамэнце хросту атрымліваюць ласку Хрыста і дар Святога Духа. Гэта асаблівы знак любові Езуса, які прыйшоў, каб даць людзям жыццё вечнае, ачысціць іх ад віны і збавіць.
Малітва вернікаў
Да Бога праз Езуса Хрыста, які можа наталіць нашае прагненне, узнясём нашыя малітвы:
- Молімся за Касцёл святы, каб служыў усім людзям паводле прыкладу Хрыста. Цябе просім...
- Молімся за людзей, якія маюць уладу, каб яны заўсёды памяталі, што ўлада грунтуецца на пакоры. Цябе просім...
- Молімся за хворых і пакутуючых людзей, каб яны ў крыжы Езуса знайшлі сілы для жыцця. Цябе просім...
- Молімся за памерлых, каб яны зведалі прабачэнне вінаў і хвалу неба. Цябе просім...
- Молімся за нас саміх, каб Вялікі пост стаў для нас часам ачышчэння і з’яднання з Хрыстом. Цябе просім...
Божа, адары нас сёння сваёю ласкай і выслухай нашыя просьбы, якія з верай Табе прадстаўляем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Людміла Леўдаровіч MChR