Каментарый да літургіі
Літургічны перыяд Вялікага посту — гэта час духоўнага адраджэння для кожнага хрысціяніна, час, дадзены для таго, каб нанова ўсвядоміць, да чаго паклікаў нас Бог.
Хрысціянін пакліканы быць благаслаўленнем для іншых, каб, спадзеючыся на Божую міласэрнасць і трываючы ў боязі Божай, дапамагаць бліжнім знайсці Бога, адкрыць Яго прысутнасць у штодзённым жыцці.
Каментарый да літургіі слова
Літургія Божага слова сёння скіроўвае ўвагу на пакліканне Абрагама, Айца Божага народа. Бог загадаў Абрагаму выйсці з роднай зямлі і даў абяцанне благаслаўлення, якое распаўсюдзіцца на ўсе плямёны зямлі.
У пасланні святога апостала Паўла да Цімафея мы пачуем заклік далучыцца да цярпенняў дзеля Евангелля.
Езус Хрыстус звяртаецца сёння да кожнага з нас, як некалі прамовіў да сваіх вучняў падчас перамянення на гары Табор: «Устаньце і не бойцеся!» Мы не павінны баяцца спакусаў і выклікаў сучаснага свету, трэба толькі трываць у Богу, бо «Ён — наша дапамога і абарона».
Малітва вернікаў
Ойча Спрадвечны, у Табе — наша надзея, падтрымка і абарона, таму зараз з вялікім даверам і надзеяй на Тваю міласэрнасць звяртаемся да Цябе з просьбамі:
- Благаславі Святога Айца Францішка і ўсё духавенства, каб верна выконвалі свае абавязкі апостальскага і пастырскага служэння, пашыраючы Божае Валадарства на зямлі. Цябе просім…
- Пане Езу, дапамажы тым, хто кіруе дзяржавамі, пашыраць хрысціянскія каштоўнасці ў грамадскім жыцці, а таксама ўчыні спакой і справядлівасць паміж народамі. Цябе просім…
- Добры Божа, дадай мужнасці годна бараніць сваю веру і абвяшчаць святое Евангелле тым народам, якія церпяць уціск і пераслед за веру ў Езуса Хрыста. Цябе просім…
- Усемагутны Божа, прасвятлі розум тых, хто прабывае ў сваіх грахах, — звяртаецца да варажбітак і экстрасэнсаў, чытае акультную літаратуру — дай ім ласку шчырага пакаяння. Цябе просім…
- Міласэрны Божа, скіруй свой позірк на цяжка хворых, церпячых, засмучаных, каб у Табе яны знайшлі сапраўднае суцяшэнне, падтрымку і любоў. Цябе просім…
- Ойча Нябесны, прымі ў Валадарства вечнай хвалы і радасці тых, хто сёння адыдзе да вечнага жыцця, а таксама душы, якія церпяць у чыстцы і чакаюць Тваёй міласэрнасці. Цябе просім…
- Ойча спрадвечнай любові і міласэрнасці, усім нам, сабраным на нядзельнай Эўхарыстыі, дапамажы глыбей зразумець сваё хрысціянскае пакліканне. Цябе просім…
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова