Каментарый да літургіі
Вялікі пост — перыяд навяртання і ачышчэння душы праз шчырае пакаянне. Езус Хрыстус дае нам гэты час, каб глыбей зразумець нашыя слабасці і недасканаласці, убачыць свае грахі і зрабіць пастановы, каб працаваць над сваімі недахопамі і з дапамогаю Божай ласкі распачаць новае жыццё ў святле хрысціянскай веры.
«Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых». Cёння варта ўважліва ўслухацца ў словы Святога Пісання і старацца змагацца са спакусамі, якія вядуць да граху.
Каментарый да літургіі слова
Сённяшняя літургія слова нагадвае, як грэх увайшоў у жыццё нашых праайцоў праз непаслухмянасць Богу і Яго наказам. У кнізе Быцця Бог прамаўляе да кожнага з нас асабіста: Ён ставіць нас перад выбарам — жыцця альбо смерці.
Калі мы застанемся верныя Богу, то атрымаем вечнае жыццё ў Божым Валадарстве, а калі пойдзем за голасам спакушальніка, свядома ўчынім грэх і не будзем прагнуць навяртання, то страцім гэты вялікі Божы дар.
Евангелле, якое паказвае нам выпрабаванні Езуса на пустыні, вучыць, як мы павінны паводзіць сябе ў хвіліны выпрабаванняў нашай веры, яно выразна накіроўвае нас на шлях спрадвечнай Божай праўды.
Малітва вернікаў
Узмоцненыя Божым словам адкрыемся на дзеянне Божай ласкі. Скіруем да Айца Нябеснага нашыя шчырыя просьбы:
- Божа, Ойча Усемагутны, аб’яві сваю моц і спашлі патрэбныя дары і ласкі Каталіцкаму Касцёлу, каб у перыяд Вялікага посту мужна перамагаў усялякія варожыя атакі і спакусы. Цябе просім…
- Пане Езу, Святому Айцу Францішку і ўсяму духавенству дапамажы, штодзённа ўглядаючыся ў Твой крыж, удасканальвацца ў бескарыслівай хрысціянскай любові. Цябе просім…
- Збаўца свету, дай шчырае навяртанне тым, хто праз грэх страціў асвячальную ласку, каб праз пакаянне яны аднавілі ў сабе годнасць Божых дзяцей. Цябе просім…
- Міласэрны Ойча, ачысці хрысціянскія сем’і ад непаразуменняў, нязгоды, гневу, спрэчак, зласлоўя і іншых неўпарадкаваных схільнасцяў, асвяці іх сваім святлом, праўдаю і любоўю. Цябе просім…
- Спрадвечны Ойча, усіх нас, сабраных на святой літургіі, узмоцні святымі дарамі, каб мы змаглі мужна перамагаць спакусы ў часы выпрабаванняў. Цябе просім…
Праз Хрыста, які з Табою і Духам Святым жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова