Сёння распачынаем чарговы Вялікі Пост у нашым жыцці. Заўсёды з новым этапам мы звязваем нейкія ідэі, сілы і жаданні. Але ці пытаемся мы ў Бога, што хоча Ён, каб мы зрабілі ў нашым жыцці?
Можа, Ён мае свой план для нас у гэты перыяд? Канешне, пост — гэта ў першую чаргу адмова ад нечага. Напэўна, праблема сённяшняга дня — гэта інтэрнэт, тэлефон, сацыяльныя сеткі. Можа, не можам пачуць голас Хрыста, таму што ўвесь свой час праводзім там?
Навяртанне немагчымае без добрых учынкаў — неабавязкова вялікіх, бо гэта могуць быць дробныя справы, якія мы робім са шчырым сэрцам. Самае ж галоўнае — даверыць Пану Богу гэты час і не перашкаджаць Яму дзейнічаць. Няхай Дух Святы кіруе нашым жыццём і нашым часам!
Каментарый да літургіі слова
Сёння ў Евангеллі Хрыстус перасцерагае нас: «Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах». Але ці чакаем мы ўзнагароды за свой пост, адрачэнне, пастановы? Няўжо мы іх робім, каб атрымаць узнагароду? Узнагародай можа стаць плён нашага посту, канкрэтныя змены ў нашым жыцці. Таксама бачым, што Бог у чарговы раз нагадвае нам, што глядзіць на нашае сэрца і нашыя намеры, а не на дзеянні. Няхай Божае Слова дасягае нас усіх, кааб, дзякуючы яму, мы маглі рабіць добрыя і святыя пастановы і трымацца іх да канца.
Малітва вернікаў
Распачынаючы час вялікага Посту, поўныя запалу, узнясём свае малітвы і просьбы:
- Молімся за святы Касцёл, каб час Вялікага посту быў момантам набліжэння да Хрыста і імкненнем ісці за Яго голасам.
- Молімся за тых, хто ў сваім жыцці не сустрэў Жывога Бога, каб сведчанне іншых людзей паспрыяла іх навяртанню.
- Молімся за святароў, якія будуць весці вялікапосныя рэкалекцыі, каб былі паслухмяныя Духу Святому і няспынна заклікалі людзей да навяртання.
- Молімся за катэхуменаў, каб прынялі ўсім сэрцам вучэнне Касцёла і добра падрыхтаваліся да моманту святога Хросту.
- Молімся за нас, тут прысутных, каб мы вытрывалі да канца ў сваіх пастановах.
Узглянь, Пане, на нас, якія стаяць перад табою, і абудзі ў нашых сэрцах імкненне да святасці. Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.