З Кнігі мудрасці Сіраха пачуем, што Бог адкрывае перад чалавекам два шляхі: жыццё і смерць, і не дае дазволу грашыць. З вялікай любові да чалавека Бог надзяляе яго свабодай чыніць дабро і пазбягаць зла. Сумленне падказвае чалавеку накірунак правільнага выбару.
Каментарый да літургіі
Пабожны свядомы ўдзел у нядзельнай літургіі — гэта адказ на любоў Хрыста, які запрашае сёння кожнага з нас асабіста наблізіцца да алтара з даверам да крыніцы бязмежнай Божай міласэрнасці.
Кожны хрысціянін пакліканы да святасці, і наш Збаўца, Езус Хрыстус, дае нам сёння яшчэ адну магчымасць зрабіць прывільны выбар — верна выконваць Божыя запаведзі, каб атрымаць вялікі Божы дар — вечнае жыццё.
Калі мы выконваем Божыя запаведзі, тады мы шчаслівыя. Калі слухаем Божае Слова і з вераю ў сэрцы прымаем Яго, рэалізуючы ў штодзённым жыцці, мы спаўняем Божую волю.
Каментарый да літургіі слова
З Кнігі мудрасці Сіраха пачуем, што Бог адкрывае перад чалавекам два шляхі: жыццё і смерць, і не дае дазволу грашыць. З вялікай любові да чалавека Бог надзяляе яго свабодай чыніць дабро і пазбягаць зла. Сумленне падказвае чалавеку накірунак правільнага выбару.
Шчаслівыя тыя, хто шукае Бога і хто Яго баіцца, хто ходзіць Божымі шляхамі, разважае над Божым словам і прагне ўдасканальвацца ў Божай любові.
У Евангеллі паводле Мацвея Езус звяртаецца непасрэдна да сваіх вучняў, дакладна раскрывае ім сэнс і глыбіню Божых запаведзяў і перасцерагае, кажучы, што «калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». Далей Збаўца ўдакладняе: «І няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога», тым самым Хрыстус дае накірунак дзеянням і словам вучняў, а значыць, і кожнаму з нас.
Малітва вернікаў
Божа Ойча Усемагутны, мы прагнем наследваць Тваіх вучняў і верна выконваць Твае запаведзі, таму цяпер з вераю ўзносім да Цябе пакорныя малітвы:
- Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб нястомна абвяшчаў людзям Божае Слова — Слова Праўды і вечнага жыцця. Цябе просім…
- Молімся за ўсё духавенства, каб накіроўвалі вернікаў на шлях святасці праз штодзённае свядомае выкананне Божых запаведзяў. Цябе просім…
- Молімся за тыя краіны, дзе няма згоды і супакою, каб Усемагутны Бог кожнаму чалавеку даў ласку навяртання. Цябе просім…
- Молімся за людзей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі яны змаглі пераадолець усе выпрабаванні. Цябе просім…
- Молімся за цяжка хворых людзей, каб праз дапамогу Маці Божай з Люрд, яны атрымалі аздараўленне душы і цела. Цябе просім…
- Молімся за душы, якія церпяць у чысцы, каб праз малітвы сваіх родных і знаёмых яны вызваліліся ад пакутаў і дасягнулі збаўлення. Цябе просім…
- Молімся за нас, сабраных зараз на святой Імшы, каб Божым настаўленнем навучаныя, мы кожны дзень імкнуліся верна выконваць Божыя запаведзі і чыніць дабро.
Цябе просім…
Праз Хрыста, Пана нашага, Які з Табою і ў еднасці з Духам Святым жыве і валадарыць праз вякі вечныя. Амэн.