Свет патрабуе святла праўды і солі дабра. Мы ўсе павінны быць святлом і соллю, каб людзі маглі пазнаць праўду і, умацаваныя дабром, праслаўлялі Бога. Падчас Эўхарыстыі Хрыстус асвятляе сваёй праўдай і корміць сваім Целам усіх, хто хоча памнажаць дабро на зямлі і служыць праўдзе.
Грэх — гэта цемра. У нас існуе таксама шмат цемры. Перапросім Бога за грахі, каб нашае жыццё адкрылася на Яго святло і стала соллю для зямлі.
Каментарый да літургіі слова
Езус дае сваім вучням заданне быць соллю зямлі і святлом свету. Соль — гэта добрае жыццё і служэнне бліжняму, а святло — гэта праўда, абвешчаная і вызнаваная — так можна інтэрпрэтаваць сённяшняе Евангелле, супастаўляючы яго з першым чытаннем з кнігі прарока Ісаі. Апостал Павел быў соллю і святлом праз ахвярнае жыццё і прапаведванне Укрыжаванага Хрыста.
Малітва вернікаў
Добраму Богу, які напаўняе нашыя сэрцы сваёй ласкай, прадставім нашыя просьбы:
- Молімся за Касцёл Святы, каб у сённяшнім свеце абвяшчаў Евангелле і вёў усе народы да збаўлення. Цябе просім...
- Молімся за Святога Айца, біскупаў і святароў, каб напоўненыя моцаю Святога Духа, кіравалі Касцёлам. Цябе просім...
- Молімся за хворых, бедных і самотных, каб сустрэлі на сваёй дарозе жыцця людзей, якія змогуць ім дапамагчы. Цябе просім...
- Молімся за памерлых, каб кожны з іх зведаў шчасце прабывання ў Валадарстве Нябесным. Цябе просім...
- Молімся за нас, сабраных вакол алтара Пана, каб мы, перамененыя Божым Словам і Эўхарыстычным Хлебам, моцна трывалі ў веры.
Цябе просім...
Божа, выслухай нашыя малітвы, якія да Цябе з верай скіроўваем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.