Пошук

26.01.2017 15:39  

Пасхальныя таямніцы і дзеянне жывога Бога — гэта самае галоўнае ў нашай веры. Хрысціянства — гэта не збор законаў ці нормаў, але адносіны з жывым Богам, які дзейнічае ў нашым штодзённым жыцці.

Дапамогай у гэтых адносінах з’яўляецца ўдзел у святой Імшы, бо тут Хрыстус прыносіць сябе ў ахвяру штодзень. Ён чакае кожнага на гэтай таямнічай сустрэчы.

Будзем цаніць кожны момант спаткання з Хрыстом у Эўхарыстыі, размаўляючы з Ім пра нашыя справы, радасці, турботы і праблемы. У Ім нашая надзея і сіла.


Каментарый да літургіі слова

Сёння ў Евангеллі мы чуем, каго Езус называе шчаслівымі. Гэта так далёка ад нашага чалавечага ўспрымання шчасця. Мы бачым, што ў Бога зусім іншая логіка. Ён вучыць нас зусім па-іншаму глядзець на гэты свет і яго рэчаіснасць. Ведаем, што без Святога Духа мы не ў стане ва ўсё гэта паверыць і супаставіць з нашым жыццём. Таму нам неабходны дар жывой веры.

Для кожнага чалавека паняцце шчасця рознае. Для нас, хрысціянаў, — гэта жыццё з Богам, поўнае любові і даверу. Няхай Езус адорыць нас мудрасцю і разуменнем, як жыць тут, на зямлі, каб пасля быць шчаслівымі ў вечнасці.


Малітва вернікаў

Поўныя вялікага даверу да любячага Айца, узнясём свае малітвы і просьбы:

1. Пане, Ты даў свайму Касцёлу духоўны спажытак, каб ён заўсёды меў сілы. Молімся за святы Касцёл, каб з Эўхарыстыі і Божага слова чэрпаў сілы для духоўнага адраджэння.

2. Божа, Ты ўчыніў Пятра галавою Касцёла на зямлі. Молімся за святога Айца Францішка, каб яго апостальская праца прынесла як мага большы плён для ўсяго хрысціянства.

3. Езу, Ты сам устанавіў сакрамэнт святарства. Молімся за біскупаў і святароў, каб цэлебравалі Найсвяцейшую Ахвяру з пашанай і глыбокай верай.

4. Пане, Ты наказваў нам, каб мы любілі адно аднаго, як Ты нас палюбіў. Молімся за сем’і, каб чэрпалі сілы з крыніцы Божай любові і такім чынам былі добрымі сведкамі Хрыстовай праўды для іншых людзей.

5. Хрыстэ, Ты казаў нам, каб мы прасілі Айца даць работнікаў на жніво сваё. Молімся аб новых святарскіх і законных пакліканнях, каб тыя, каго Бог кліча, не баяліся сказаць сваё «Так!».

6. Ойча, Ты даў нам восем благаслаўленняў. Молімся за нас, тут сабраных, каб удзел у сённяшняй святой Імшы паглыбіў нашую веру і адзінства з Хрыстом.

Хрыстэ, крыніца радасці і супакою, выслухай нашыя просьбы, якія мы ўзносім да Цябе, і дай нам мужнасць несці Тваё слова тым, хто яго не ведае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа