Каментарый да літургіі
Нядзельная святая Эўхарыстыя — найвялікшы духоўны скарб хрысціяніна.
Бог дае кожнаму з нас асабіста самы вялікі дар: у постацях хлеба і віна мы прымаем сапраўднае святое Цела і найдаражэйшую Кроў Хрыста.
«Слова сталася целам і пасялілася між намі, а тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі».
Усе мы — дзеці Божыя, мы пакліканы быць святлом для тых, хто яшчэ шукае Бога альбо аддаліўся ад Бога праз грэх. Таму збіраемся зараз вакол алтара Хрыста-Збаўцы, каб споўніць Божую волю.
Каментарый да літургіі слова
«Зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі», — пачуем сёння ў літургіі слова з кнігі прарока Ісаі.
Сам Езус Хрыстус выходзіць нам насустрач са сваёй любоўю і міласэрнасцю.
Кожны хрысціянін пакліканы да руплівага апостальскага служэння на хвалу Божую і на карысць бліжнім. Бог кліча сёння кожнага з нас абвяшчаць Добрую Навіну пра Збаўленне: «Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету».
Малітва вернікаў
Езус Хрыстус дае нам патрэбныя дары і ласкі, адорвае сваім святым спакоем, каб мы маглі несці Божае святло, радасць і супакой тым, хто гэтага патрабуе.
Таму аб’яднаемся з Хрыстом у даверлівай малітве да Бога-Айца Усемагутнага:
1. Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб сярод пераследаў і цяжкасцяў, з якімі ён часта сутыкаецца, заўсёды адважна абвяшчаў Добрую Навіну пра Божую любоў і міласэрнасць. Цябе просім…
2. Молімся за ўсіх святароў-місіянераў аб моцы дароў Духа Святога ў іх апостальскім служэнні, каб яны з радасцю неслі Добрую Навіну тым, хто яшчэ не ведае яе або забыўся пра яе. Цябе просім…
3. Молімся за ворагаў святога Касцёла і тых, хто пераследуе за веру, а таксама за ўсіх тэрарыстаў, каб яны, раскаяліся і з дапамогай ласкі Божай вярнуліся да Хрыста. Цябе просім…
4. Молімся за людзей, якія разарвалі сужэнскі саюз, каб добры Бог прасвятліў іх розум і яны ўпарадкавалі сваё жыццё з людзьмі і з Богам. Цябе просім…
5. Молімся за людзей, якім пагражае грахоўная цемра акультызму і за ўсіх тых, хто пакутуе ад розных цяжкіх залежнасцяў, каб Усемагутны Бог даў ім ласку навяртання і жыццё ў свабодзе дзяцей Божых. Цябе просім…
6. Молімся за ўсіх канаючых, памерлых родных і людзей, блізкіх нашаму сэрцу, каб уваскрослы Езус адарыў іх душы радасцю ў Нябесным Валадарстве. Цябе просім…
7. Молімся за нас, сабраных вакол алтара міласэрнага Збаўцы, каб, атрымаўшы прабачэнне, мы не вярталіся да ранейшых грахоў і заўсёды з чыстым сэрцам прымалі святую Эўхарыстыю. Цябе просім…
Божа, наш добры Ойча, Твой Сын даў нам спазнаць любоў, якую Ты адчуваеш да нас. Учыні, каб гэтая любоў перамяняла нашае жыццё і рабіла нас адкрытымі на патрэбы іншага чалавека. Просім Цябе аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова