Пошук

14.12.2016 00:00  

Каментарый да літургіі

Сёння перажываем Чацвёртую нядзелю Адвэнту. Ужо зусім хутка будзем святкаваць вялікую ўрачыстасць Божага Нараджэння. Застаюцца апошнія дні падрыхтоўкі да святаў, але ці рыхтуем мы нашыя сэрцы да прыйсця Пана? Усё можа быць падрыхтавана выдатна: і стол, і падарункі, і дэкарацыі — але ці падрыхтавалі мы месцы ў сваіх сэрцах, каб там нарадзіўся Хрыстус?

Няхай жа Божае слова нядзельнай літургіі дапаможа нам паставіць на першае месца самыя важны рэчы і справы — справы душы, і тады нам хопіць часу і сілаў на падрыхтоўку да святаў.

Каментарый да літургіі слова

Літургія слова скіроўвае нашыя думкі да падзей, якія папярэднічалі нараджэнню Езуса Хрыста. Звернем увагу на Юзафа, на яго збянтэжанасць і адначасова пакору.

Часам у нашым жыцці настаюць моманты, якія цяжка прыняць і зразумець, і ў такія хвіліны вельмі складана згаджацца з Божай воляй. Тады нам неабходна кіраўніцтва і дапамога Духа Святога.

Анёл Пана тлумачыць Юзафу ў сне, што і як будзе адбывацца. Застаецца толькі бязмежна даверыцца Божаму Провіду.

Таму сёння ў нашых цяжкіх і складаных сітуацыях будзем прасіць дару мудрасці Божай, будзем трываць у паслухмянасці Божай волі і прасіць заступніцтва і дапамогі святога Юзафа.

Малітва вернікаў

Да Бога, крыніцы нашай радасці, які запрашае нас на Эўхарыстыю, скіруем нашыя просьбы:

  1. Молімся за святы Касцёл, каб падчас сваёй пілігрымкі праз вякі ён няспынна чэрпаў са скарбніцы веры мінулых пакаленняў. Цябе просім...
  2. Молімся за святароў, каб абвяшчалі і сведчылі вялікую любоў Бога да чалавека. Цябе просім...
  3. Молімся за сем’і, каб не толькі памяталі пра знешнюю падрыхтоўку да святаў, але і рыхтавалі свае сэрцы да прыйсця Пана. Цябе просім...
  4. Молімся аб ласцы навяртання для людзей, якія даўно не прыступалі да сакрамэнту пакаяння. Цябе просім...
  5. Молімся за памерлых, каб атрымалі радасць вечнага жыцця. Цябе просім...
  6. Молімся за нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб мы ўмелі дзяліцца радасцю і любоўю з іншымі. Цябе просім...

Просім Цябе, Божа, выслухай нашыя просьбы, якія ў пакоры да Цябе скіроўваем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа