Пошук

09.12.2016 14:13  

Каментарый да літургіі

Трэцяя нядзеля Адвэнту – нядзеля радасці, сапраўднай радасці Божай, якая сёння напаўняе нашы сэрцы. Радасць вынікае з таго, што паступова мы набліжаемся да свята Божага Нараджэння і верым, што сам Бог прыйдзе ў хвале, каб нас збавіць.

Нядзельная Эўхарыстыя – гэта найвялікшы цуд прысутнасці Бога сярод нас, калі мы яднаемся з Ім у святой Камуніі. Таму так важна для кожнага прысутнага на святой Імшы адкрыць сваё сэрца і цалкам даверыцца свайму Збаўцу.

Каментарый да літургіі слова

Прарок Ісая кажа нам сёння вельмі моцныя словы: “Будзьце адважнымі! Не бойцеся!” Бог не ставіць да нас вялікіх патрабаванняў, але толькі заклікае адкінуць усялякі страх і свае празмерныя клопаты. Бог сам набліжаецца да чалавека, а людзі павінны цярпліва з радасцю чакаць Ягонага прыйсця, не наракаючы адзін на аднаго.

Радасць у нашых сэрцах павінна з кожным днём узрастаць, таму што словы святога Евангелля, скіраваныя сёння да нас, маюць мэту ўмацаваць нас у веры. Езус кажа: “сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне”.

Малітва вернікаў

Не сумняваючыся ў тым, што для Бога няма нічога немагчымага, з радасцю і вялікім даверам скіруем да нашага Нябеснага Айца тыя просьбы, якія прыносім Яму ў сваіх сэрцах:

1. Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб пад мацярынскаю апекаю Найсвяцейшай Панны Марыі ён надзяляў сваіх дзяцей скарбамі міласэрнасці. Цябе просім…
2. Молімся за Святога Айца Францішка, каб ён мог радавацца з прычыны вяртання да поўнай еднасці святароў і вернікаў, якія не падпарадкоўваліся рашэнням і вучэнню Касцёла. Цябе просім…
3. Молімся за ўвесь беларускі народ, каб, усведамляючы сваю гістарычную місію, ён паглыбляў сваю хрысціянскую веру, надзею і любоў. Цябе просім…
4. Молімся за нашыя братнія народы, каб, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, яны ўсё глыбей пазнавалі Хрыста і Яго Евангелле. Цябе просім…
5. Молімся за людзей, якія трапілі ў палон розных цяжкіх залежнасцяў, каб Усемагутны Бог умацаваў іх сваёй сілай і дапамог вызваліцца з путаў цяжкіх грахоў. Цябе просім…
6. Молімся за невылечна хворых, церпячых і канаючых, каб яны не ўпалі ў роспач і разлад з самімі сабою ў найважнейшы момант свайго жыцця. Цябе просім…
7. Молімся  за нас саміх, сабраных на святой Імшы, каб мы ніколі не стамляліся абвяшчаць Добрую Навіну, дбаць пра хвалу Бога і збаўленне душаў. Цябе просім…

Міласэрны Божа, выслухай нашы пакорныя шчырыя малітвы, якія зараз прыносім Табе, перамяні наш смутак у радасць і наталі нашы душы сапраўдным Божым супакоем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця