Пошук

08.12.2016 07:35  

Каментарый да літургіі

«Няхай мне станецца паводле Твайго слова».

Сёння адзначаем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Разважаем пра Маці Божую і яе пакліканне. Яна не спазнала граху. Але, можна сабе ўявіць, як няпроста ёй было жыць у свеце, дзе людзі падманваюць адно аднаго, крадуць, жадаюць няшчасця. Перад імі яна была безабароннай. Даверым сёння нашае жыццё Беззаганнай, каб яна дапамагала нам у штодзённасці быць «людзьмі не з гэтага свету».

Каментарый да літургіі слова

Сёння ў літургіі слова мы бачым паставы дзвюх жанчын: Еву, якая не паслухала Бога, і Марыю, якая стала прыкладам паслухмянасці для ўсяго свету. Перад намі заўсёды стаіць выбар, слухаць словы Бога, давяраць Яму, ці хацець стаць «як Бог».

Сённяшняя ўрачыстасць паказвае нам прыклад чалавека, які ўсю сваю надзею, усё сваё жыццё аддаў у рукі Божага Провіду. Адказ Марыі — «няхай мне станецца паводле Твайго слова» — павінен стаць для хрысціяніна дэвізам яго жыцця. Будзем прасіць Беззаганную Маці, каб вучыла нас пакоры і бязмежнаму даверу Богу.

Малітва вернікаў

Праз заступніцтва Маці Хрыста, якую Бог адарыў асаблівай прывілеяй і захаваў ад усялякай заганы першароднага граху, молімся аб патрэбных ласках для ўсяго свету:

  1. Молімся за Каталіцкі Касцёл, каб захаваў сваю беззаганнасць Хрыстовай Абранніцы. Цябе просім…
  2. Молімся за Святога Айца і ўсё духавенства, каб прыкладам свайго ахвярнага служэння садзейнічалі пашырэнню Божага Валадарства на зямлі. Цябе просім…
  3. Молімся за нашу Радзіму, няхай Марыя ахоўвае нашыя душы ад бязвер’я. Цябе просім…
  4. Молімся за святароў, каб паказвалі людзям прыклад сапраўднай жывой веры. Цябе просім…
  5. Молімся за людзей, якія шукаюць сэнс жыцця, каб Марыя паказала ім Хрыста, які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё . Цябе просім…
  6. Молімся за душы канаючых, каб Маці Божага Сына сустрэла іх у вечнасці. Цябе просім…
  7. Молімся за нас, тут прысутных, каб мы праз навяртанне сэрца і пакаянне імкнуліся да паяднання з Хрыстом. Цябе просім…

 

Пане Божа, прымі і выслухай нашыя малітвы, якія мы ўзносім да Цябе праз заступніцтва Беззаганнай Маці, Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.