Пошук

02.12.2016 00:00  

Каментарый да літургіі

Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане.

Езус Хрыстус запрашае нас сёння наблізіцца да алтара нашага збаўлення, да стала Божага слова, і прагне паяднацца з намі ў святой Эўхарыстыі.

Таму з радасцю адкрыем свае сэрцы, каб у малітоўным чуванні годна падрыхтавацца да спаткання з Хрыстом і аднадушна, у адзін голас праславіць Усемагутнага Бога за ўсе дары і ласкі, якія маем.

Каментарый да літургіі слова


Слова Божае адкрывае нам сёння таямніцу нашага збаўлення. У першым чытанні прарок Ісая звяртае ўвагу, што Збаўца будзе судзіць людзей справядліва: «не з погляду вачэй сваіх, і не са слыху вушэй сваіх будзе асуджаць», і прысуд Яго будзе выносіцца ў праўдзе.

Езус Хрыстус прыходзіць ужо цяпер, каб збавіць усіх людзей, таму ў Евангеллі мы чуем заклік да пакаяння: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Гэта вельмі моцны заклік, скіраваны да нас, каб у час Адвэнту мы рупліва рыхтавалі дарогу Пану Богу ў сваіх сэрцах: ачысцілі іх у сакрамэнце пакаяння, пазбавіліся грахоўнага бруду, які перашкаджае нам прыносіць добры плён.

Малітва вернікаў


Спадзеючыся на Божую дапамогу і давяраючы абяцанням нашага Нябеснага Айца, які пасылае Хрыста-Збаўцу, даручым Яму ўсе малітвы і прагненні нашых сэрцаў:

  1. Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб абуджаў у сэрцах хрысціян любоў да Бога, веру і надзею на вечны мір, справядлівасць і супакой. Цябе просім…
  2. Молімся за Святога Айца і ўсё духавенства, каб прыкладам свайго ахвярнага служэння садзейнічалі пашырэнню Божага Валадарства на зямлі. Цябе просім…
  3. Молімся за нашу Айчыну Беларусь, каб сэрцы яе жыхароў былі спагадлівымі і адкрытымі на патрэбы бліжніх. Цябе просім…
  4. Молімся за цяжка хворых, асабліва тых, хто знаходзіцца ў рэанімацыі, каб добры Бог аздаравіў іх і падтрымаў праз сакрамэнт намашчэння. Цябе просім…
  5. Молімся за тых, каму пагражае небяспека акультызму, каб Усемагутны Бог прасвятліў іх і дапамог зразумець, што праўда і збаўленне магчыма толькі ў Езусе Хрысце. Цябе просім…
  6. Молімся за душы, якія церпяць у чыстцы і чакаюць нашых малітваў, каб моцаю Божай любові і міласэрнасці яны змаглі атрымаць ласку вечнага шчасця ў небе. Цябе просім…
  7. Молімся за нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб праз шчырае пакаянне мы змаглі наблізіцца да Хрыста, які прыходзіць, каб вызваліць нас з граху, аздаравіць і збавіць. Цябе просім…

Пане Божа, прымі і выслухай нашыя малітвы, якія мы ўзносім да Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа