Пошук

19.11.2016 19:18  

Каментарый да літургіі

Сёння адзначаем урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Сёння мы вызнаём, што Езус з’яўляецца нашым Валадаром і Панам. Але ці так сапраўды ёсць? Можа, ёсць рэчы, грошы, справы, людзі, якія занялі месца Пана і ніяк не саступяць Яму? Сёння асаблівы час, калі мы можам вызнаць Езуса сваім Панам, але ведаем, што без падтрымкі Духа Святога не зможам гэтага зрабіць. Таму просім нашага Суцяшальніка, каб адарыў нас мудрасцю і неабходнымі дарамі, каб мы ўмелі ставіць Хрыста на першае месца.

Каментарый да літургіі слова

“Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”.

 У Евангеллі адзін са злачынцаў распазнае ў Езусе Валадара, але разумее, што “валадарства Яго не з гэтага свету”. Ці давяраем мы ў паўнаце свайму Пану, каб у хвіліны выпрабавання і неразумення вызнаць, што Хрыстус з’яўляецца маім Богам і ўсё ў Яго руках?
 
Гэтая сцэна адбываецца на Крыжы, Езус, як Валадар, абяцае забраць злачынцу ў сваё Валадарства. Нягледзячы на нашы цярпенні, праблемы, роспач, трэба глядзець у Неба з чаканнем Нябеснай Айчыны. Трэба глядзець у Неба, не дазваляючы часовым справам паглынуць нас.

Няхай Дух Святы навучае нас і дае моц заўсёды вызнаваць Хрыста сваім Валадаром!

Малітва вернікаў

Праз Хрыста – Валадара Сусвету – даверым Богу малітвы і просьбы ўсяго свету:

  • Молімся за святы Касцёл, каб вёў людзей да Валадарства Хрыста, дзе пануе еднасць і любоў. Цябе просім…
  • Молімся за святароў, каб былі прыкладам для людзей у дарозе да Нябеснага Валадарства. Цябе просім…
  • Молімся за тых, хто кіруе дзяржавамі, каб яны кіраваліся заўсёды сваім сумленнем. Цябе просім…
  • Молімся за настаўнікаў, каб вучылі дзяцей і моладзь маральным каштоўнасцям. Цябе просім…
  • Молімся за ўсіх вызнаўцаў Хрыста, якія церпяць з-за сваёй веры, каб яны даверыліся Божаму Провіду. Цябе просім…
  • Молімся за нас, сабраных каля алтара Пана, каб мы, нягледзячы на цяжкасці, умелі захаваць моцную веру, надзею і любоў. Цябе просім…

Божа, Стварыцель неба і зямлі, Ты хочаш усіх людзей сабраць у сваім Валадарстве любові; выслухай малітвы Твайго Касцёла і ўчыні, каб мы плённа садзейнічалі пашырэнню Твайго Валадарства ў свеце. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця