Каментарый да літургіі
Эўхарыстыя — гэта момант, калі мы можам набрацца адвагі, каб сведчыць пра Езуса Хрыста! Тут крыніца нашага натхнення і нашых сіл. Але для таго, каб усвядоміць гэта, нам патрэбна моцная вера. Таму сёння просім Цябе, Дух Святы, дай нам сваю мудрасць, розум і неабходныя ласкі, каб памножылася ў нас вера. І з вялікім даверам распачнем Найсвяцейшую Ахвяру.
Каментарый да літургіі слова
«Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае».
Сённяшняе Евангелле напаўняе нас трывогай і неспакоем. Езус кажа пра апошнія дні, пра цярпенні чалавецтва, пра пераслед. Калі ў сваім жыцці мы не пазналі жывога Хрыста, нам вельмі цяжка ўспрымаць гэтыя словы.
Але Бог не абяцаў нам жыцця без клопатаў і праблем. Праз цярпенні і сумны досвед Ён выпрабоўвае нашу веру і тое, як мы сведчым веру ў Яго. Таму, углядаючыся ў Езуса Эўхарыстычнага, просім аб ласцы веры і мужнасці, каб у неспрыяльныя моманты нашага жыцця заставацца вернымі Яму і Яго Слову.
Малітва вернікаў
Удзячныя Богу за скіраванае да нас слова, з вераю ўзнясём да Яго супольныя малітвы і просьбы:
- Молімся за святы Касцёл, каб верна кіраваўся вучэннем, якое Езус пакінуў яму праз Апосталаў. Цябе просім…
- Молімся за Святога Айца Францішка, каб, падобна святому Пятру, ён умацоўваў даручаны яму народ у веры. Цябе просім…
- Молімся за тых, хто не захоўвае Божыя запаведзі, каб не паддаваліся спакусе лёгкага жыцця. Цябе просім…
- Молімся за падлеткаў, каб чэрпалі моц з сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі. Цябе просім…
- Молімся за ўсіх памерлых, каб Бог адарыў іх радасцю вечнага жыцця ў Нябесным Валадарстве. Цябе просім…
- Молімся за нас саміх, каб мы заўсёды былі гатовыя да прыйсця нашага Збаўцы. Цябе
просім…
Добры Божа, выслухай нашыя малітвы і няспынна апякуйся намі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.