Каментарый да літургіі
Мы ведаем, што куплены не коштам срэбра ці золата, але коштам Найдаражэйшай Крыві Хрыста. Толькі ў Ім наша збаўленне.
Няхай гэтая нядзельная Эўхарыстыя дапаможа нам узгадаць асноўныя моманты духоўнага жыцця і напоўніць нашае сэрца ўдзячнасцю і даверам да Міласэрнага Айца.
Каментарый да літургіі слова
«Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць», — нагадвае нам святое Евангелле сёння.
У кожнага чалавека ёсць спакуса быць «прахалодным» хрысціянінам. І ў касцёл ходзім, і молімся, і да споведзі рэгулярна ідзём, але жыццё і нашыя выбары не змяняюцца. Хрысціянства — гэта не збор загадаў і правіл, а жывыя адносіны з Хрыстом. Калі пабачым Яго дзеянне ў нашым жыцці, калі навучымся слухаць Яго голас, не зможам аддаваць перавагу спакусам, слабасцям і грахам.
Сёння кожнаму з нас трэба задумацца: каму служу я? Ці часам не хачу адначасова дагадзіць Богу і д’яблу? Хто з’яўляецца цэнтрам майго жыцця?
Малітва вернікаў
Богу, які праз Кроў Хрыста аб’явіў свету сваю міласэрнасць, даверым нашы супольныя малітвы і просьбы:
1. Молімся за святы Касцёл, каб, нягледзячы на цяжкасці, ён адважна абвяшчаў Добрую Навіну аб Божай любові. Цябе просім…
2. Молімся за святароў, каб у Імя Хрыста заклікалі людзей да навяртання. Цябе просім…
3. Молімся за моладзь нашай краіны, каб свае каштоўнасці будавала на Хрысце і Яго Слове. Цябе просім…
4. Молімся аб міры ва ўсім свеце, каб людзі вырашалі свае канфлікты без баявых дзеянняў і каб не гінулі нявінныя. Цябе просім…
5. Молімся за памерлых, каб яны атрымалі радасць уваскрасення ў вечнай хвале. Цябе просім…
6. Молімся за нас, удзельнікаў гэтай святой Імшы, каб мы, часта спажываючы Цела Хрыста, былі ўсё больш да Яго падобнымі. Цябе просім…
Божа, выслухай малітвы Твайго Касцёла і адары чалавецтва верай і надзеяй на вечнае жыццё. Амэн.
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XXV Звычайную нядзелю, Год С (18 верасня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .