Пошук

24.08.2016 16:26  

Каментарый да літургіі

Езус Хрыстус звяртаецца сёння да нас, кажучы: «Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам».

Мы прыходзім да Божага алтара, каб вучыцца сапраўднай пакоры і наследаваць Хрыста, які дапамагае нам праз сваё святое Слова вызваліцца з путаў ганарыстасці і пыхі. Езус сёння паказвае нам шлях хрысціянскай дасканаласці.

Каментарый да літургіі слова

«Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца», – вельмі глыбокая думка скіравана да нас праз Божае слова ў святым Евангеллі паводле Лукі.

Літургія Божага слова робіць акцэнт на тым, што пакорных Бог узвышае, а ганарыстых – прыніжае. Менавіта праз гэта праяўляецца моц Божай любові і справядлівасці.

Каб знайсці любоў і міласэрнасць у вачах Пана Бога і атрымаць адплату ў дзень уваскрасення справядлівых, Збаўца свету заахвочвае нас станавіцца больш пакорнымі і ціхімі, а таксама штодзённа вучыцца бескарыслівай любові да бліжніх.

Малітва вернікаў

Схіляючыся ў пакоры перад нашым міласэрным Айцом, з даверам узнясём да Яго супольныя малітвы:

1. Молімся за Айца Святога Францішка і ўсё духавенства, каб, нягледзячы на пераслед і розныя выпрабаванні, заўсёды крочылі шляхам хрысціянскай дасканаласці. Цябе просім…
2. Молімся за хрысціян усяго свету, каб, наследуючы Хрыста ў цноце пакоры, імкнуліся пашыраць Божае Валадарства ў сэрцах людзей. Цябе просім…
3. Молімся аб міры і супакоі ва ўсім свеце, асабліва ў тых краінах, дзе ўжо доўгі час не спыняюцца ваенныя дзеянні і тэракты. Цябе просім…
4. Молімся за сіротаў, удоваў, інвалідаў, невылечна хворых людзей, каб аднавілі духоўную моц і надзею на збаўленне ў Хрысце Уваскрослым. Цябе просім…
5. Молімся за ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў, настаўнікаў і вучняў, якія хутка распачнуць новы навучальны год, каб з дапамогаю Божай ласкі яны атрымалі неабходныя плёны ад выхавання і навучання. Цябе просім…
6. Молімся за душы, якія Божая справядлівасць затрымлівае ў чысцы, каб праз нашы пакорныя малітвы яны змаглі ўвайсці ў Нябеснае Валадарства Божай міласэрнасці. Цябе просім…
7. Молімся за нас, прысутных на нядзельнай святой Імшы, каб праз любоў і міласэрнасць да бліжніх мы кожны дзень наследавалі Езуса Хрыста, які ціхі і пакорны сэрцам. Цябе просім...

Божа Ойча Усемагутны, які заўсёды чуеш малітвы сваіх дзяцей, дазволь нам наблізіцца да Цябе і атрымаць усе неабходныя святыя дары і ласкі, узрастаючы ў пакоры, міласэрнасці і любові. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця