Каментарый да літургіі
Нядзельная літургія — благаслаўлёны час, які нам дае Збаўца, для асвячэння сэрца, навяртання і ўмацавання веры. Літургія Божага слова і эўхарыстычная літургія памнажаюць нашыя духоўныя скарбы, калі ўважліва слухаем словы Хрыста, выконваем іх у штодзённым жыцці і з удзячнасцю прымаем святую Эўхарыстыю.
Шчаслівыя мы, таму што сам Хрыстус выбраў нас і паклікаў сёння на сваю гасціну, каб наталіць прагненні нашых сэрцаў.
Каментарый да літургіі слова
Літургія Божага слова скіроўвае зараз нашу ўвагу на каштоўны духоўны скарб — нашу хрысціянскую веру.
Абавязак хрысціяніна — няспынна развіваць, умацоўваць сваю веру і даваць яе праўдзівае сведчанне іншым, каб і іх вера таксама ўзрастала і памнажаўся давер усемагутнаму Богу, які заўсёды застаецца верным сваім абяцанням.
Апостал Павел у Пасланні да Габрэяў паказвае нам прыклады веры Абрагама і Сары, якія, дзякуючы моцнай веры, атрымалі ад Бога абяцаныя ўзнагароды.
Таму Езус Хрыстус сёння заклікае нас, каб мы не марнавалі свайго жыцця і заўсёды прабывалі ў нястомным чуванні. Ён звяртаецца да нас, кажучы: «Шчаслівыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе».
Малітва вернікаў
Сэрцам прымаючы словы Хрыста-Збаўцы, з даверам да Божай міласэрнасці ўзнясём да нашага Нябеснага Айца свае малітвы:
1. Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб штодзённа няспынна абвяшчаў усяму свету Божую міласэрнасць і любоў Уваскрослага Езуса Хрыста. Цябе просім…
2. Молімся за Святога Айца Францішка, каб Добры Бог шчодра благаславіў яго ахвярнае апостальскае і пастырскае служэнне, а таксама адарыў яго патрэбнымі святымі дарамі. Цябе просім…
3. Молімся за ўсе краіны свету, дзе сёння адбываюцца войны, тэракты і няма супакою ў сэрцах людзей, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі — Каралевы супакою — там усталяваліся мір, згода і ўзаемаразуменне. Цябе просім…
4. Молімся за ўсіх, хто прыняў удзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве, каб, умацаваныя дарамі Духа Святога, яны сталі адважнымі сведкамі сваёй хрысціянскай веры. Цябе просім...
5. Молімся за тых, хто церпіць пераслед за веру ў Езуса Хрыста, каб не баяліся і надалей мужна крочыць наперад, абвяшчаючы праўды Хрыстовага Евангелля. Цябе просім…
6. Молімся за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў, асабліва за тых, хто загінуў трагічна за вызнаванне веры ў Езуса Хрыста, каб міласэрны Збаўца адчыніў перад імі брамы свайго Нябеснага Валадарства. Цябе просім…
7. Молімся за ўсіх нас, сабраных зараз каля Божага алтара, каб праз паяднанне з Хрыстом у святой Камуніі ўзрастала наша вера, ніколі не згасала надзея і памнажалася спрадвечная Божая любоў. Цябе просім...
Праз Хрыста, Пана нашага, які жыве і валадарыць з Айцом і Духам Святым на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХIХ Звычайную нядзелю, Год С (7 жніўня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .