Пошук


23.06.2016 15:41  

Каментарый да літургіі

Збіраемся зараз у святыні вакол Божага алтара, каб падзякаваць усемагутнаму Богу за ласку нашага паклікання, за радасць паяднання з Ім у сакрамэнце святой Эўхарыстыі.

Сам Бог першы звяртаецца да кожнага з нас асабіста і кліча сёння: «Ідзі за Мною». Але толькі ад нас залежыць, ці адкрыем мы свае сэрцы і ці адкажам станоўча на Ягоны заклік.  

Каментарый да літургіі слова

Літургія Божага слова канцэнтруе нашу ўвагу сёння на таямніцы паклікання. Першае чытанне з Кнігі Валадарстваў прадстаўляе нам пакліканне Елісея, сына Сафата, якога Бог намасціў прарокам замест Іллі. Елісей пачуў Божы голас, сам устаў і пайшоў за Іллёю, каб служыць яму.

На голас Божага паклікання адказвае той, хто цалкам спадзяецца на Пана і ў паўнаце Яму давярае.

Апостал Павел у Пасланні да Галатаў робіць акцэнт на тым, што ўсе мы пакліканы да свабоды і да служэння адзін аднаму, кіруючыся наказам любові да бліжняга.

Праз словы святога Евангелля Бог сёння прамаўляе да нас: «Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага». Тым самым Ён падкрэслівае вернасць таму пакліканню, таму шляху, які чалавек для сябе ў жыцці выбірае.

Малітва вернікаў

Да Бога, Айца Усемагутнага, які кліча нас сёння пайсці за Ім, узнясём з даверам нашыя падзякі і просьбы:

1. Прымі падзяку, Божа, за дар апостальскага служэння Айца Святога Францішка і ўмацуй яго ў веры, надзеі і любові.
2. Прымі падзяку, Божа, за ўсіх святароў, якіх Ты сам паклікаў да служэння на Божай ніве, і ўчыні іх сапраўднымі апосталамі Тваёй міласэрнасці.
3. Прымі падзяку, Божа, за святароў, якія праводзяць рэкалекцыі і «вакацыі з Богам», шчодра адары іх патрэбнымі ласкамі і святымі дарамі.
4. Прымі падзяку, Божа, за нашых родных і блізкіх і за ўсіх людзей, якіх штодня мы сустракаем у сваім жыцці. Акажы ім, Езу Хрысце, бязмежную міласэрнасць сваю.
5. Прымі падзяку, Божа, за ўсё, што маем, і за тое, чаго не маем. Перамяні нашыя сэрцы, каб мы больш прагнулі духоўных дабротаў і ахвотна служылі бліжнім у любові.

Божа, наш Ойча, які маеш словы вечнага жыцця, прымі ўсе нашыя падзякі і просьбы, якія мы Табе прыносім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця