Пошук

26.05.2016 12:06  

Каментарый да літургіі

Пачынаецца час адпачынкаў, канікул, летнікаў. Як жа важна быць вернымі Богу ў гэты час, калі так шмат спакусаў.

Праз нашу прысутнасць на нядзельнай літургіі мы хочам выразіць нашу адданасць Табе, Езу. Просім Твайго благаслаўлення! Дай нам не забыць, што толькі ў Табе мы знойдзем сапраўдны адпачынак, бо Ты крыніца нашага жыцця і сіл для нашай штодзённасці.

Каментарый да літургіі слова

Сёння ў Евангеллі мы чуем пра аздараўленне слугі сотніка. Здзіўляе, па-першае, хваляванне сотніка за свайго слугу. Адначасова можна задаць сабе пытанне: ці ёсць у нашым жыцці тыя, за каго мы моцна перажываем і хвалюемся? Ці даражым мы кім-небудзь і ці даражыць намі хоць хтосьці? Што мы для гэтага зрабілі?

Па-другое, юдэйскія старэйшыны на просьбу сотніка прыходзяць да Езуса і просяць аб аздараўленні слугі, кажучы: “Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу”. Што зрабілі мы для іншага чалавека? Ці маем мы поўныя рукі добрых учынкакў, ці наш эгаізм закрыў нам вочы на бліжніх?

Няхай словы гэтага Евангелля будуць для нас рахункам сумлення. Даверым нашы хваляванні і перажыванні Міласэрнаму Богу.

Малітва вернікаў

Умацаваныя Божым словам, даверым свае малітвы і просьбы:

1. Молімся за Святы Каталіцкі Касцёл, каб ён быў месцам еднасці і любові хрысціян, знакам Божага збаўлення на зямлі.
2. Молімся за нашага Папу Францішка, усіх біскупаў і святароў, асобаў канцэкраваных, місіянераў і ўсіх, хто служыць нашаму Пану. Пане, захавай іх ад зла і небяспекі, адары дарам любові, мужнасці і трывалай веры.
3. Молімся за ўсе сем'і, каб яны наследавалі прыклад Святой Сям'і і былі месцам узрастання жывой веры.
4. Молімся за ўсіх хрысціян, якія церпяць пераслед. Божа, умацуй іх, дапамажы любіць ворагаў і дай ім вытрываць у Табе да канца.
5. Молімся за нашу Беларусь і за ўсіх, хто мае ў ёй уладу, каб былі адкрытыя на дзеянне Духа Святога і клапаціліся пра дабрабыт усіх жыхароў нашай краіны.
6. Молімся за нас, тут сабраных, каб гэты час нядзельнай літургіі быў пачаткам новага жыцця з Богам.

Праз Хрыста, Пана нашага.
                                                                                                           
С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа