Пошук

11.05.2016 16:42  

Каментарый да літургіі

Сёння сам Езус Хрыстус збірае нас, сваіх дзяцей, вакол Божага алтара, каб даць нам свае святыя дары, сваю моц, святло, сапраўдны супакой і любоў, каб яшчэ больш умацаваць нашу надзею на збаўленне і веру ў тое, што для Бога няма нічога немагчымага і што Ён застанецца з намі ва ўсе дні, аж да сканчэння свету, спаслаўшы нам Духа Святога – Суцяшыцеля.

Таму кожны з нас, прысутны сёння на нядзельнай святой Эўхарыстыі, сэрцам праслаўляе Бога, усклікаючы: “Прыйдзі, Дух Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь сваёй любові”.

Каментарый да літургіі слова

Імша ў вігілію

“Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі”, – спяваем радасна ў чаканні прыйсця Святога Духа, які суцяшае, аздараўляе, прасвятляе ў сумненнях, ратуе ў небяспецы, аднаўляе надзею, таму што праз надзею мы ўратаваныя.

Святы апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў звяртае нашу ўвагу на тое, што Дух Святы заўжды дапамагае нам у нашых слабасцях. Калі мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі.

У Евангеллі паводле Яна сам Езус Хрыстус звяртаецца да нас, кажучы: “Хто верыць у Мяне, у таго з улоння пацякуць рэкі вады жывой”.

Дух Святы – Жыватворца, які паходзіць з Айца і Сына, які разам з Айцом і Сынам прымае пакланенне і хвалу.

Імша ўдзень

У першым чытанні з кнігі Дзеяў Апосталаў пачуем, як у дзень Пяцідзясятніцы, калі апосталы сабраліся разам, раптам узняўся шум з неба, як павеў моцнага ветру, і на апосталаў сышоў Дух Святы ў выглядзе вогненных языкоў, і яны пачалі гаварыць на іншых мовах. Гэта адзін з дароў Святога Духа.  

Сёння таксама і кожнаму з нас Дух Святы шчодра дае пэўныя дары. Прычым дары і служэнні – розныя, а Дух Святы – адзін і той жа самы. Мы – члены містычнага Хрыстовага Цела, ахрышчаныя адным Духам, прагнем трываць у адзінстве між сабою ў сапраўдным супакоі, які можа даць толькі Бог. Як некалі Езус Хрыстус прыйшоў да сваіх вучняў і сказаў ім: “Супакой вам!”, – как і сёння Бог прыходзіць да кожнага з нас, каб перадаць нам знак велікоднага супакою, які ніколі не праміне, а будзе трываць праз вякі.

Таксама, звярнуўшыся да сваіх вучняў, кажучы: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”, – Сын Божы ўстанавіў сакрамэнт пакаяння – крыніцу міласэрнасці, з якой мы можам чэрпаць прабачэнне і моц, а таксама напаўняцца неабходнымі святымі дарамі.

Малітва вернікаў

З вялікай радасцю ўзносім свае малітвы да нашага Айца Нябеснага праз Езуса Хрыста, Сына Ягонага Адзінароднага, спадзеючыся атрымаць усе  патрэбныя дары і ласкі для плённага служэння бліжнім і дзеля Божай хвалы:

1. Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб няспынна праслаўляў Бога за ўсе шчодра атрыманыя ласкі і дары Святога Духа. Цябе просім…
2. Молімся за Айца Святога, біскупаў і ўсіх святароў, каб, кіруючыся наказам Хрыста аб адпушчэнні грахоў, вялі хрысціян да прабачэння і прымірэння. Цябе просім…
3. Молімся за нашу краіну Беларусь, каб у сэрцах жыхароў нашай роднай зямлі ўзрастала вера, надзея і любоў да Бога і бліжніх. Цябе просім…
4. Молімся за дзяцей, якія ў хуткім часе першы раз прымуць Хрыста ў святой Эўхарыстыі, каб, умацаваныя святымі дарамі, яны заўсёды трывалі ў прысутнасці Усемагутнага Бога. Цябе просім…
5. Молімся за ўсіх паэтаў і пісьменнікаў, каб святло Святога Духа не згасала ў іх сэрцах і сваёй творчасцю яны абвяшчалі Божую хвалу. Цябе просім…
6. Молімся за ўсе чысцовыя душы, якія чакаюць нашай малітвы, каб міласэрны Бог прабачыў ім зямныя грахі, адчыніў для іх брамы Нябеснага Валадарства і адарыў вечным супакоем. Цябе просім…  
7. Молімся за ўсіх нас, прысутных на святой Імшы, каб мы заўсёды і ўсюды заставаліся вернымі Богу Айцу, і Сыну, і Духу Святому. Цябе просім…

Прымі, міласэрны Ойча, усе нашыя малітвы – праслаўленні, просьбы і падзякі, якія да Цябе ўзносім з глыбіні сэрцаў, спашлі нам неабходныя дары Святога Духа, аднаві надзею, умацуй веру і пашырай любоў між намі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа