Пошук

06.04.2016 21:19  

Каментарый да літургіі

Пасхальныя таямніцы і дзеянне Жывога Бога – гэта самае галоўнае ў нашай веры! Хрысціянства – гэта не збор законаў ці нормаў, але адносіны з Жывым Богам, які дзейнічае ў нашым штодзённым жыцці. Дапамогай у гэтых адносінах з’яўляецца святая Імша, бо тут Хрыстус аддае за нас сябе, Ён чакае кожнага на гэтай таямнічай сустрэчы.

Будзьма цаніць кожны момант сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі, размаўляючы з Ім пра нашыя справы, радасці, турботы і праблемы. У Ім наша надзея і сіла.

Каментарый да літургіі слова

Сёння ў Евангеллі чуем пра тое, што Езус рыхтуе сняданак сваім вучням. Каму мы часцей за ўсё рыхтуем сняданак? Канешне, самым блізкім і дарагім нам людзям. Апосталы заняты сваімі справамі, у іх праблема, таму што не могуць налавіць рыбы. Яны пасля Уваскрасення Хрыста вярнуліся ў сваю штодзённасць, да абавязкаў. А Хрыстус апякуецца імі – чыніць цуд і запрашае есці!

Падобна і нам Ён дае ежу, спажытак для душы, але ці здольныя мы заўважыць Яго? Ці прымаем запрашэнне? Нашае сэрца павінна напаўняцца вялікай радасцю ад таго, што наш Бог, наш Створца і Адкупіцель, атуляе кожны дзень сваёй апекай і чыніць цуды ў нашым жыцці.
 
Малітва вернікаў

Поўныя вялікага даверу да любячага Айца, узнясём свае малітвы і просьбы:

1. Пане, Ты даў свайму Касцёлу духоўны спажытак, каб ён заўсёды меў сілы. Молімся за Святы Касцёл, каб з Эўхарыстыі і Божага слова чэрпаў сілы для духоўнага адраджэння.
2. Божа, Ты паставіў Пятра галавою Касцёла на зямлі. Молімся за Святога Айца Францішка, каб яго апостальская праца прынесла як мага большы плён для ўсяго хрысціянства.
3. Езу, Ты сам устанавіў сакрамэнт святарства. Молімся за біскупаў і святароў, каб цэлебравалі Найсвяцейшую Ахвяру з пашанай і глыбокай верай.
4. Пане, Ты наказваў нам, каб мы любілі адзін аднаго, як Ты нас палюбіў. Молімся за сем’і, каб, чэрпаючы сілы з крыніцы Божай любові, яны былі добрымі сведкамі Хрыстовай праўды для людзей.
5. Хрыстэ, Ты казаў нам, каб мы мы прасілі Айца даць работнікаў на жніво Сваё. Молімся аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях, каб не баяліся адказаць на клічучы Голас “так”.
6. Ойча, Ты аддаў за нас Адзінароднага Сына Твайго, каб кожны, хто ў Яго верыць не загінуў, але меў жыццё вечнае. Молімся за нас, тут сабраных, каб удзел у сённяшняй святой Імшы паглыбіў нашу веру і еднасць з Хрыстом.

Хрыстэ, крыніца радасці і супакою, выслухай нашыя просьбы, якія ўзносім да Цябе, і дай нам мужнасці несці Тваё слова тым, хто яго не ведае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа