Каментарый да літургіі
Божая міласэрнасць – гэта любоў самаадданая, яна невычэрпная і незразумелая для чалавечага розуму.
Збіраючыся сёння пры стале Слова і Цела Хрыста, хочам усвядоміць ісціну, што Бог ёсць любоў. Гэтая любоў пераўзыходзіць чалавечую. Бог у сваёй любові будзе прапаноўваць усё, не пакінуўшы сабе нічога. Бо так палюбіў Бог свет, што даў нам свайго Адзінароднага Сына, каб нас вызваліць з нашых грахоў.
Перапросім Бога за слабасць нашай веры і за ўсе правіны, каб умацаваў нас. Няхай нашыя сэрцы будуць адкрытыя на прыняцце Божых дароў.
Каментарый да літургіі слова
Хрыстус пасля свайго ўваскрасення з'явіўся апосталам, адарыў іх супакоем і даў ім Святога Духа. Іх задачай было прывесці ўсіх людзей да веры і адзінства, а таксама прабачаць ад імя Хрыста. Гэтую місію добра выконвалі першыя хрысціяне, збіраючыся на ламанне хлеба, інакш Эўхарыстыю, і жывучы ў адзінстве і любові. І сёння хрысціяне павінны праз веру сустракацца з Хрыстом, які прысутнічае ў Касцёле.
Малітва вернікаў
Трываючы ў супольнасці Касцёла і на ламанні хлеба, занясём да Уваскрослага Хрыста нашыя малітвы.
- Пане Езу, просім Цябе, умацуй ва імкненні да святасці свой Касцёл, каб нёс сучаснаму свету святло Евангелля.
- Пане Езу, просім Цябе, адары патрэбнымі сіламі і здароўем Святога Айца Францішка.
- Пане Езу, просім Цябе, умацуй мір ва ўсіх краінах свету і адары ім краіны, ахопленыя вайной.
- Пане Езу, просім Цябе, дазволь нашым блізкім памерлым цешыцца вечнай радасцю ў небе.
- Пане Езу, просім Цябе, адары праз моц сакрамэнтаў нашае жыццё супакоем і адзінствам.
Пане, Ты праз Уваскрасенне прынёс людзям мір і прабачэнне; умацуй нашу веру, занясі нашыя малітвы да Айца Нябеснага. Які жыве і валадарыць на векі вечныя.
С. Людміла Леўдаровіч MChR