Пошук

17.02.2016 00:52  

Вялікі пост – перыяд навяртання, час супакою і духоўнай цішыні. Мы прыходзім сёння ў святыню на нядзельную літургію, каб падзякаваць Богу Усемагутнаму за асаблівы час выпрабаванняў нашай хрысціянскай веры.

Каментарый да літургіі

Вялікі пост – перыяд навяртання, час супакою і духоўнай цішыні. Мы прыходзім сёння ў святыню на нядзельную літургію, каб падзякаваць Богу Усемагутнаму за асаблівы час выпрабаванняў нашай хрысціянскай веры. Мы шукаем Божага аблічча і прагнем з’яднацца са Збаўцам у святой Эўхарыстыі, каб сваёй ласкай і любоўю міласэрны Айцец ачысціў нас ад старой грахоўнасці і перамяніў нашыя сэрцы.

Каментарый да літургіі слова

Літургія слова сённяшняга дня з Кнігі Быцця скіроўвае нашу ўвагу на заключэнне запавету з верным Абрагамам. Мы бачым выпрабаванне веры Абрагама і вернасць Бога свайму абяцанню. Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць.

Бог – адзінае святло і наша збаўленне, таму мы павінны сэрцам даверыцца Яму і спадзявацца толькі на Бога, шукаючы аблічча Ягонага. Калі мы цалкам даверымся Яму, тады Хрыстус пераменіць нашае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела.

Цудоўная перамена адбылася, калі Езус узыйшоў на гару памаліцца, узяўшы з сабою сваіх вучняў – Пятра, Яна і Якуба. Гэтая перамена адбываецца і з намі, калі мы трываем разам з Езусам на нядзельнай святой Эўхарыстыі, з якой мы чэрпаем моц для пераадолення розных выпрабаванняў і цяжкасцяў нашага жыцця.

Малітва вернікаў


Пакорна схіляючыся перад нашым Збаўцам, з глыбіні сэрцаў зараз узнясём да міласэрнага Бога свае малітвы:

1. Молімся за Айца Святога Францішка, каб, кіруючыся праўдаю святога Евангелля, асабліва падчас Вялікага посту, заклікаў людзей да навяртання і шчырага пакаяння. Цябе просім…
2. Молімся за ўсіх святароў, якія праводзяць велікапосныя рэкалекцыі, каб Божае слова, якое яны абвяшчаюць, прынесла вялікія духоўныя плёны ў сэрцах людзей для Божай хвалы. Цябе просім…
3. Молімся за навяртанне тых, хто доўгі час жыве ў стане граху, каб адкрылі свае сэрцы на дзеянне Божай любові і міласэрнасці. Цябе просім…
4. Молімся за моладзь нашай краіны, каб, нягледзячы на спакусы, выпрабаванні і выклікі сучаснага секулярнага свету, заўжды імкнулася трываць у адзінстве з Хрыстом. Цябе просім…
5. Молімся за дзяцей-сірот, якія не маюць бацькоў, каб адчулі айцоўскую падтрымку і мацярынскую апеку ад бліжніх, родных і знаёмых, а таксама любячага Бога. Цябе просім…
6. Молімся за людзей з рознымі формамі інваліднасці, каб сваім жыццём яны праслаўлялі Усемагутнага Бога і з’яўляліся сапраўдным прыкладам для тых, хто страціў сэнс жыцця і прабывае ў роспачы. Цябе просім…
7. Молімся за нас, сабраных каля алтара Пана, каб з кожным днём мы ўсё больш узрасталі ў цнотах веры, надзеі і любові, імкнучыся да святасці. Цябе просім…

Дапамажы нам, міласэрны Божа, праслаўляць Цябе ў штодзённай працы, у малітоўнай цішыні, каб памерці для граху і падняцца на новы ўзровень у духоўным развіцці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.