Пошук

21.01.2016 11:12  

Каментарый да літургіі

Нядзельная Эўхарыстыя – найвялікшая падзяка Богу за Яго дары і ласкі. Сёння Езус Хрыстус запрашае нас наблізіцца да алтара, каб глыбей паразважаць над Божым словам – Добрай Навіной аб збаўленні, і прыняць Яго святое Цела, таму што мы ўсе ахрышчаны ў адно Хрыстовае Цела.

Святая Імша – час асаблівай Божай любові, калі Збаўца сам першы набліжаецца да чалавека, асвятляе душу і сэрца прамянямі сваёй бязмежнай міласэрнасці. Таму зараз шчыра адкрыем свае сэрцы, каб прыняць бескарыслівую любоў Хрыста.

Каментарый да літургіі слова

У Божым слове на сённяшні дзень з кнігі Нээміі мы пачуем, як народ уважліва разважаў над словамі Закону Майсеевага, плакаў і праслаўляў Усемагутнага Бога, падаючы на зямлю, кланяючыся і падымаючы свае рукі.

Словы псальма звяртаюць увагу на тое, што Божы Закон – дасканалы, а сведчанне Ягонае – вернае. Бог дае мудрасць простым. Загады Пана радуюць сэрца. Прысуды Божыя – праўдзівыя і справядлівыя, а боязь Божая – трывае вечна.

Бог дае чалавеку надзею і ўмацоўвае веру ў тое, што Божыя словы даюць вечнае жыццё.

Мы маем вечнае жыццё, калі з пашанаю і ў пакоры прымаем Хрыстовае Цела, бо мы ўсе напоены адным Духам, ахрышчаны ў Хрыста, складаем Ягонае Цела, а паасобку мы – часткі Божага Цела.

Праз словы святога Евангелля сёння ўзрастае наша вера ў тое, што споўнілася прароцтва Ісаі, які казаў пра абвяшчэнне Добрай Навіны ўбогім, вызваленне палонных, вяртанне зроку сляпым, абвяшчэнне года ласкі Пана.  

Малітва вернікаў

Праслаўляючы Бога Усемагутнага за веліч і моц, з глыбіні сэрцаў узнясём зараз да Яго свае малітвы:

1. Молімся за Айца Святога Францішка, каб яго самаахвярнае апостальскае служэнне прынесла як мага большы плён для ўсяго хрысціянства. Цябе просім…
2. Молімся за адзінства хрысціян усяго свету, каб заўжды трывалі ў любові, якая ўсё зносіць, усяму верыць, усё вытрымае, якая ніколі не падвядзе. Цябе просім…
3. Молімся за тых людзей, якія перажываюць крызіс веры, каб з дапамогаю міласэрнага Бога яны нанова адкрылі для сябе праўду аб тым, што для Бога няма нічога немагчымага. Цябе просім…
4. Молімся за невылечна хворых, каб не гублялі ўнутраны душэўны супакой і надзею на Божую дапамогу ў цяжкія хвіліны выпрабаванняў. Цябе просім…
5. Молімся за тых, хто вымушаны цяжка працаваць, асабліва ў нядзелю і святы, каб не занядбоўвалі сакрамэнты Божай любові і міласэрнасці. Цябе просім…
6. Молімся за ўсіх канаючых, а таксама за ахвяраў аварый, тэрактаў, катастроф і войнаў, каб Добры Бог у сваёй міласэрнасці прабачыў ім усе правіны і дазволіў увайсці ў Валадарства Нябеснае. Цябе просім…
7. Молімся за ўсіх нас, прысутных на нядзельнай святой Імшы, каб, умацаваныя Целам і Крывёю нашага Збаўцы, мы сапраўды сталіся адзіным Целам і адзіным Духам у Хрысце. Цябе просім…

Божа Ойча Усемагутны, пакорна просім Цябе: выслухай малітвы нашыя, які жывеш і валадарыш праз усе вякі вечныя. Амэн.

Анастасія Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця